Пра тое, якім выдаўся гэты год для хлебаробаў ААТ «Васюкі» расказвае галоўны аграном гаспадаркі Валянціна Пальшына

Сельское хозяйство

У старажытнасці засеянае поле ў славян называлася “жыццё”, а колькасць жывёлы “казна”. Сапраўды, дастатак сельскага сейбіта вызначаецца колькасцю намалочанага і назапашанага ў засеках збожжа. А хлеб — усяму галава.
Сёлета выдаўся ўраджайны на збажыну год для ўсіх гаспадарак раёна. Асабліва парадавала хлебная ніва ААТ “Васюкі”. Кажуць, што такога ўраджаю не атрымлівалі на працягу 50 гадоў. Праўда, некаторыя жыхары ўдакладняюць: урадзіла збажына сем гадоў назад, толькі надвор’е не дазволіла сабраць вырашчанае.
Сёлета тутэйшыя хлебаробы намалацілі 5026 тон з 1745 гектараў. Толькі азімай пшаніцы было пасеяна 945 гектараў. Як дасягнулі такога і наогул пра работу раслінаводчай галіны гаспадаркі мы папрасілі расказаць галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Валянціну Ігараўну Пальшыну:
— У гэтай гаспадарцы ў якасці тэхнолага палёў працую шосты год. Магу ўжо з упэўненасцю сказаць, што землі прадпрыемтва ўрадлівыя і калі пры вырошчванні сельгаскультур выкарыстоўваць усе патрабаванні тэхналогіі, а яшчэ і надвор’е будзе спрыяць, то можна дасягнуць многага. Пацвярджэннем таму гэты сельскагаспадарчы год. Зямля шчодра заплаціла за нялёгкую працу і клопат хлебаробу. А вось каб дасушыць зерне, наяўных магутнасцяў не хапала. Давялося арэндаваць сушылкі М-819 у ААТ “Даватарскі”, “Жвіранка” “Агратэхсэрвіс” і ў КУВСП імя Маркава. Але ж, як у той прымаўцы, “браць і аддаваць — багатым не будзеш”. Значыць, трэба будаваць сваю, больш магутную сушыльную гаспадарку і разлічваць на высокія ўраджаі.
Толькі не пагаджуся з тым, што за атрыманы ўраджай услаўляюць толькі камбайнераў. Каб дасягнуць запланаванага, на працягу года працуе ўвесь калектыў. Кожны ўкладвае ў агульную справу пасільную працу. Нават складана выдзеліць каго, але назаву механізатараў, якім можна давяраць любы ўчастак работы. Гэта Барыс Канстанцінавіч Андрэйчык, Віктар Пятровіч Рымдзёнак, Алег Міхайлавіч Ласоўскі і многія іншыя.
Назапасілі сёлета і кармоў для грамадскага статка значна больш папярэдняга года.
Імкнуліся закласці трывалую аснову будучаму ўраджаю. Але бачыце, якая складаная сёлета восень. Паспелі пасеяць у аптымальныя тэрміны 200 гектараў азімага рапсу, а вось азімай пшаніцай занялі толькі 766 гектараў, менш плануемага, —павялічыць плошчы не дазволілі праліўныя дажджы. Па гэтай жа прычыне і зябліва не ўсё ўзнялі. Затое вясной будзе большая нагрузка. Трэба пасеяць яравую пшаніцу, авёс, ячмень, кукурузу, яравы рапс. Закладзем насення ў засекі пад поўную патрэбнасць. Цяпер працягваецца ачыстка насеннага матэрыялу ўсіх культур. Веснавыя падкормкі ажыццяўляем “Расой”. Вельмі выручае гэта тэхніка, дзякуючы ёй спраўляемся ў аптымальныя тэрміны правесці важны аграпрыём. Словам, сучасная магутная тэхніка дазваляе замяніць шмат рабочых рук, якіх так не хапае ў сельскай гаспадарцы.
Якія б цяжкасці не ўзнікалі, але люблю сваю прафесію. Нездарма, закончыўшы Лужаснянскі аграрны каледж, набыла вышэйшую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Асабліва прыемна, калі бачу плады сваёй працы, калі радуе ніва важкім коласам.
У дзень прафесійнага свята хачу ад душы павіншаваць усіх працаўнікоў нялёгкай, але такой патрэбнай вытворчасці, як сельская гаспадарка, і пажадаць здароўя і аптымізму ў вырашэнні нашых агульных задач.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *