Шаркаўчане прынялі ўдзел у турыстычным злёце работнікаў АПК Віцебскай вобласці

Молодежь Прафсаюзы Спорт

36Прафсаюзы заўсёды клапоцяцца не толькі пра ўмовы працы работнікаў, маральнае і матэрыяльнае стымуляванне кожнага працаўніка, але і пра здароўе, карысны адпачынак.
Доказам таму стала правядзенне 23 і 24 ліпеня турыстычнага злёту работнікаў АПК Віцебскай вобласці, які адбыўся на базе спартыўна-турыстычнага комплексу “Азяркі” ў Пастаўскім раёне.
У спартыўным мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дзевяці раёнаў вобласці, сярод іх і нашы землякі-шаркаўчане. У склад каманды ўвайшлі працаўнікі ААТ “Ельня-Агра”, “Даватарскі”, “Княж”, Агратэхсэрвіс”, а таксама па аднаму ўдзельніку з Браслаўскага і Міёрскага райкамаў прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
На працягу двух дзён каманды-канкурсанты спаборнічалі за званне мацнейшай у такіх відах як: турыстычная паласа перашкод, валейбол, міні-футбол, дартс, перацягванне каната, гіравы спорт, конкурс на лепшую прэзентацыю турыстычнага лагера, конкурс мастацкай самадзейнасці на тэму Года народнага адзінства.
Шаркаўчане ў агульнакамандным заліку сталі пятымі. Дарэчы, нам не было роўных у перацягванні каната. Перамогу заваявалі асілкі з ААТ “Ельня-Агра” — Іван і Уладзімір Пажарскія, Пётр Лагун, Уладзімір Яблонскі. А ў гіравым спорце ў вагавай катэгорыі да 75 кг трэцяе месца заваяваў Арцём Яблонскі з ААТ “Княж”.
Да конкурсаў на лепшую прэзентацыю турыстычнага лагера і мастацкай самадзейнасці нам дапамаглі падрыхтавацца выкладчык Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Іван Русецкі і намеснік дырэктара па клубных установах раённага Цэнтра культуры Ірына Хаданёнак.
Хочацца таксама выказаць словы ўдзячнасці ўсім удзельнікам нашай каманды за дастойны ўдзел у абласным турыстычным злёце, а таксама кіраўніку ААТ “Ельня-Агра” Міхаілу Якімовічу за прадастаўлены транспарт для дастаўкі каманды ў спартыўна-турыстычны комплекс “Азяркі”.
Т. АЛЬШЭЎСКАЯ,
старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК.

33 3437