Каманда ДБУ-26 стала пераможцай у спартакіядзе

Спорт

Нядаўна прайшла спартакіяда дарожна-будаўнічага трэста № 1 г. Віцебска. У спаборніцтвах удзельнічалі шэсць каманд: ДБУ-26 (г. п. Шаркаўшчына), ДБУ-2 (г. Полацк), ДБУ-3 (г. Віцебск), ДБУ-7 (г. Орша), ДБУ-34 (г. Лепель) і УПТК.

Больш падрабязна пра спаборніцтвы расказвае інструктар-метадыст ДБУ-26 Сяргей БУЙКА:

—    У праграме спартакіяды было шэсць відаў. Наша каманда ўдзельнічала ва ўсіх выпрабаваннях, прытым дэманстравала нядрэнныя вынікі. У валейбольным турніры ДБУ-26 святкавала перамогу. Лепшымі мы сталі ў тэнісе — перамаглі мужчынская і жаночая зборныя. У шашках мужчыны першынствавалі, а жанчыны занялі 3-е месца. У гіравым спорце шаркаўшчынскія мужчыны выйгралі турнір, жанчыны занялі 3-е месца. У шахматах і ў дартсе мы ўвайшлі ў тройку прызёраў. Такім чынам каманда ДБУ-26 заняла 1-е месца сярод калектываў калег. Усе ўдзельнікі спаборніцтваў з нашай каманды вярнуліся дамоў з дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Нельга не адзначыць, што спаборніцтвы праводзіліся на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Віцебскэнерга”. Прыемна было спаборнічаць з калегамі ў цёплай спартыўнай зале, дзе маецца ўсё неабходнае для правядзення спаборніцтваў, а таксама ў наяўнасці басейн і душавыя кабінкі.

На заканчэнні хочацца назваць тых людзей, якія ў складзе каманды змагаліся за перамогу: Сяргей і Наталля Буйкі, Канстанцін Карман, Сяргей Грыц, Ірына Чыркава, Леанід Пракоф’еў, Аляксей Пазняк, Канстанцін Кукуць, Сяргей Варона, Таццяна Буйка, Аляксандр Курыловіч, Сяргей Матылёнак, Іван Яфімаў, Ігар Малюгін, Аляксандр Міронаў. З перамогай вас, дарожнікі!

Аляксандр БАРЫЛА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *