Прафсаюзы ўзнагародзілі перадавікоў корманарыхтоўкі ў ААТ «Даватарскі»

Сельское хозяйство

IMG_9613 (Копировать)Касавіца, якая цяпер у гаспадарках у самым разгары, дазваляе вылучыць перадавікоў гэтай важнай сельскагаспадарчай кампаніі. Прафсаюзныя лідары падводзяць прамежкавыя вынікі і ўзнагароджваюць перадавікоў.
У сярэдзіне тыдня мы пабывалі на палетках ААТ “Даватарскі”, а менавіта ў Жукоўшчыне. Тут шырокім фронтам вялася касавіца. Трактары скошвалі канюшыну, следам за імі рухаліся граблі, а за імі ішоў КВК-800, які, здрабняючы правяленую масу, загружаў ёю трактарныя прычэпы. “Зялёнку” адвозілі ў сянажныя траншэі на комплекс “Жукоўшчына”.
За працэсам пільна сачыў Андрэй Пальчэх, які з нядаўняга часу ўзначаліў сельгаспрадпрыемства. Побач знаходзілася старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ірына Ардынская. Скарыстаўшы непрацяглы час адпачынку, механізатары заглушылі рухавікі сваёй тэхнікі і сабраліся, каб прыняць віншаванні за сваю шчырую працу.
Кіраўніцтва гаспадаркі і прафкам узнагародзілі каштоўнымі падарункамі Пятра Чарняўскага, які на трактары “Беларус” МТЗ-82 па стане на 6 ліпеня зграбіў у валкі 533 гектары правяленай масы. На гэтую ж дату Вячаслаў Смірноў, які працуе на комплексе КВК-800, здрабніў 4939 тон зялёнай масы. Яўгеній Максімаў, заняты на адвозе “зялёнкі”, на трактары “Кіравец” К-744 у счэпе з ПС-45 на 6 ліпеня перавёз з палеткаў у сянажныя траншэі 2260 тон корму для буйной рагатай жывёлы на зімова-стойлавы перыяд.
Наогул сёлета ў гаспадарцы запланавана скасіць 1790 гектараў траў першага ўкосу, нарыхтаваць 930 тон сена і 15500 тон сенажу. З пастаўленымі задачамі аграрыі спраўляюцца. Па стане на 9 ліпеня ў гаспадарцы скошана 1810 гектараў траў першага ўкосу, нарыхтавана 270 тон сена і 8074 тоны сенажу.
— Нараканняў на працу нашых механізатараў мы не маем, — кажа кіраўнік гаспадаркі Андрэй Пальчэх. — Кожны з іх разумее важнасць работы. Ад таго, з якой кармавой базай мы сустрэнем зімова-стойлавы перыяд, напрамую будзе залежыць фінансавы дабрабыт гаспадаркі і кожнага яе работніка.
— Прафсаюз заўсёды ідзе насустрач нашым працаўнікам, — дадала Ірына Ардынская. — Мы заўсёды знаходзім фінансавыя сродкі, каб маральна і матэрыяльна заахвоціць перадавікоў. Наперадзе ў нас жніво. У час гэтай важнай кампаніі прафсаюз таксама не застанецца ў баку.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_9605 (Копировать) IMG_9609 (Копировать) IMG_9611 (Копировать)IMG_9619 (Копировать) IMG_9621 (Копировать) IMG_9622 (Копировать)