У апошнюю нядзелю жніўня работнікі культуры ладзілі шматлікія святы населеных пунктаў. Так, прайшлі святы вуліц аграгарадка Іёды, вёскі Крыўкі Лужкаўскага сельсавета, а таксама свята аграгарадка Більдзюгі.
Нягледзячы на тую акалічнасць, што надвор’е 28 жніўня стаяла вельмі спякотнае, а чатырнаццатай гадзіне жыхары аграгарадка Більдзюгі сталі збірацца на пляцоўцы каля адміністрацыйнага будынка ААТ “Жвіранка”. Прыходзілі пажылыя людзі, каб паслухаць музыку і песні мінулых часоў, завіталі на свята маладыя сем’і разам са сваімі дзецьмі, а таксама гараджане, якія ўлетку адпачываюць у сваіх родных у вёсцы.
Работнікі мясцовага сельскага дома культуры і ўдзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці песнямі і танцамі, шчырымі ўсмешкамі віншавалі сваіх аднавяскоўцаў. На мерапрыемстве прысутнічалі шматлікія імяніннікі, сямейныя пары-юбіляры. Менавіта для іх у якасці падарункаў гучалі цудоўныя песні.
Гучнымі апладысментамі і воклікамі “брава” сустрэлі гледачы выступленне ўдзельнікаў народнага фальклорнага калектыву “Купалінка” пад кіраўніцтвам Надзеі Вайцюль. Мужчыны і жанчыны, апрануўшы беларускія нацыянальныя касцюмы, прадэманстравалі старадаўнія танцы, характэрныя для нашай мясцовасці.
У якасці гасцей на свята ў Більдзюгі завіталі ўдзельнікі квартэта “Акорд” раённага Цэнтра культуры. Мілагучныя песні гучалі ў выкананні Алы Клакоўскай, Івана Гарбачонка, Уладзіміра Радзюка і кіраўніка калектыву Мікалая Марозава.
Не засталіся па-за ўвагай у арганізатарў свята і дзеці. Маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак забаўляў клоун Топа. Паветраныя шарыкі, гульні, конкурсы і песні — усё гэта вельмі спадабалася малышам. Тут жа можна было набыць і смачны пачастунак — салодкую вату.
Свята аграгарадка атрымалася цёплым і не толькі ад гарачых сонечных промняў, а, у першую чаргу, ад цеплыні і радасці, якія ззялі ў вачах кожнага, хто завітаў на мерапрыемства, весяліўся, спяваў і танцаваў.
Сяргей РАЙЧОНАК.