Ніводнага дня свайго жыцця без трактара не ўяўляе Алег Усеваладавіч Рабіза. Ужо амаль сорак год мужчына працуе механізатарам у аддзяленні «Вялікае Сяло» адкрытага акцыянернага таварыства «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс».
Любая справа трактарысту-машыністу па плячы. Ён заняты ў працоўным працэсе круглы год. Вядома, вясной і ўлетку прыходзіцца выконваць значна большы аб’ём работ, чым зімой. Алег Усеваладавіч на сваім «сталёвым кані» з лёгкасцю спраўляецца з любой даручанай справай. Ён і сеяць можа, і глебу ўзворваць, і транспартныя работы па перавозцы разнастайных грузаў таксама ажыццяўляе.
— За рулём трактара я з 1986 года, адразу пасля заканчэння школы, — кажа перадавы механізатар. — Пачынаў працаваць у калгасе «Вялікае Сяло», цяпер гэта аб’яднанае сельгаспрадпрыемства «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс». Мяняюцца назвы гаспадарак, адбываецца іх узбуйненне, мяняецца і тэхніка, на якой мы працуем. Нязменнай застаецца толькі наша шчырая любоў да роднай зямлі, да працы на ёй.
— Алег Усеваладавіч — адзін з самых вопытных работнікаў нашага адкрытага акцыянернага таварыства, — кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Кавалёнак. — Ён беражліва адносіцца да тэхнікі, любыя даручаныя справы выконвае якасна і ў тэрмін.
За гады шчырай і бездакорнай працы механізатар неаднаразова узнагароджваўся на раённым і абласным узроўнях. Калі у пачатку 2011 года ў Віцебску ўпершыню праходзіла ўрачыстая цырымонія ўшанавання лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» па выніках работы за 2010 год, Алег Усеваладавіч Рабіза быў сярод узнагароджаных у намінацыі «Аграпрамысловы комплекс».
Напрыканцы мінулага года гаспадарка набыла новы трактар «Беларус» МТЗ-1221.2. Кіраўніцтва не вагалася ў пытанні, каму з механізатараў даручыць тэхніку. Аднагалосна вырашылі — на Смаргонскі агрэгатны завод будуць камандзіраваны галоўны інжынер Сяргей Русак і механізатар Алег Рабіза.
— Са Смаргоні праз Паставы да Шаркаўшчыны я даехаў за пяць гадзін, — кажа Алег Усеваладавіч. — Айчынная тэхніка —выдатная, вузлы і агрэгаты цалкам мне знаёмыя. Цяпер і працаваць буду на ёй яшчэ з большай аддачай.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

