Іван Іванавіч і Ірына Генадзьеўна Міхалёнкі шмат гадоў адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы раёна

Сельское хозяйство

923 (Копировать)Рассвет над сельским полем зачинался,
Пылала золотом корона в небесах.
Час преждевременный неспешно начинался,
Мерцая в утренних серебряных слезах.
Пшеничный колос постепенно пробуждался,
Шероховатые листочки выпрямлял.
Он был свидетелем того, как зарождался
Лазурный день. Предвестьем обрамлял…
Менавіта так пачынаўся кожны працоўны дзень у жыцці Івана Іванавіча і Ірыны Генадзьеўны Міхалёнкаў. Свой працоўны шлях гэта сямейная пара прысвяціла сельскай гаспадарцы, роднай зямлі.
— Пасля заканчэння школы я не хацеў, як некаторыя мае равеснікі, ехаць жыць у горад, — успамінае Іван Іванавіч. — З дзяцінства любіў зямлю, працу на ёй, бо гэтую любоў мне прывілі бацькі. Перад вайсковай службай некаторы час працаваў у калгасе “1-е Мая”. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родныя мясціны. Тата мой, Іван Мікалаевіч, быў там брыгадзірам комплекснай брыгады. У часы маёй маладосці старшынёй калгаса з’яўляўся Вадзім Андрэевіч Мядзелец. Ён і тата ў вялікай ступені паспрыялі таму, каб я абраў спецыяльнасць агранома. Таму спачатку вучыўся ў Лужаснянскім саўгасе-тэхнікуме без адрыву ад вытворчасці, а затым завочна набываў вышэйшую адукацыў ў Велікалукскім сельгасінстытуце.
Аднойчы, вярнуўшыся з чарговай экзаменацыйнай сесіі, былы першы сакратар райкама КПБ Мечыслаў Сезянеўскі прапанаваў мне павышэнне па службовай лесвіцы (а на той час я з’яўляўся аграномам). Была магчымасць узначаліць калгас “Іскра” або імя Фрунзе, я выбраў апошні. На працягу дзевяці гадоў я кіраваў гэтай гаспадаркай. З году ў год дасягалі станоўчых вынікаў у працы, займалі лідзіруючыя пазіцыі сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Потым мяне перавялі на пасаду начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу, якое ўзначальваў 9 гадоў.
— Я ў дзяцінстве марыла стаць настаўніцай нямецкай мовы, — далучылася да гутаркі Ірына Генадзьеўна. — Але так склаліся жыццёвыя абставіны, што таксама, як і муж Іван Іванавіч, вучылася ў Лужаснянскім саўгасе-тэхнікуме, потым — у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, атрымала спецыяльнасць агранома. Спачатку была аграхімікам ў райсельгасхіміі. Як маладому і перспектыўнаму спецыялісту вясной 1981 года старшыня калгаса “1-е Мая” Вадзім Андрэевіч Мядзелец, яго намеснік Леанід Віктаравіч Клакоўскі і начальнік упраўлення райсельгасхарчу Леанід Іванавіч Новікаў прапанавалі стаць галоўным тэхнолагам палёў калгаса гэтай гаспадаркі. Я згадзілася.
Вось там, у Іёдах, я і пазнаёмілася з будучым мужам — Іванам Іванавічам. Пажаніліся, стварылі сям’ю, разам працавалі, у нас з’явіліся дзеткі. Разам жылі і працавалі пэўны час у Каўшэлеве, а цяпер жывём у Шаркаўшчыне. Я ў свой час з’яўлялася намеснікам начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу, муж быў кіраўніком дадзенага ўпраўлення.
Гады пралятаюць вельмі імкліва і нябачна. Здаецца, што літаральна ўчора пачынаўся наш працоўны шлях, а з той пары прайшло шмат год. Я ўжо знаходжуся на заслужаным адпачынку, займаюся хатняй гаспадаркай, прысядзібным участкам. Іван Іванавіч вось ужо 15 год працуе начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Жыццё наша склалася добра. Шчыра з мужам працавалі на карысць раёна, выгадавалі дастойных дзяцей, маем унукаў. Гэта і з’яўляецца нашым найвялікшым шчасцем у жыцці.
Калі мы размаўлялі з Іванам Іванавічам і Ірынай Генадзьеўнай, у іх вачах бачыліся іскрынкі чалавечай дабрыні, узаемапавагі і шчырай любові. Іх сям’я жыве у сапраўдным каханні. Няхай у вас так будзе і заўсёды!
…Рассвет над сельским полем растворился,
Избавился от утренних тисков.
А в высоту испариною взвился
Неслышный вздох пшеничных колосков…
Верш Інэсы Кутарман.
Сяргей РАЙЧОНАК.