У любой справе, каб дасягнуць станоўчых вынікаў, трэба прыкласці максімум намаганняў, старанна і сумленна працаваць. Гэта адносіцца і да даглядчыкаў буйной рагатай жывёлы.
У адкрытым акцыянерным таварыстве «Ельня-Агра» на МТФ «Зорка» аператарам па вырошчванні маладняку БРЖ (да трох месяцаў) працуе Алена Пучыла. Жанчына добра ведае сваю справу. Яшчэ ў дзяцінстве дапамагала сваёй маці, калі тая працавала на ферме.
— У маім гурце 176 маленькіх цялят, — кажа Алена. — Ад даярак да мяне яны трапляюць у пяцісутачным узросце. Спачатку выпойваюць іх малаком, крыху пазней у рацыён дабаўляю муку, камбікорм. Трэба пільна за імі сачыць. Калі пагаршаецца стан здароўя — на дапамогу прыходзіць ветэрынарны фельчар Таццяна Купрыенка. Яна заўсёды акажа кваліфікаваную дапамогу, калі ў гэтым ёсць патрэба. Цяляткі ў маім гурце ўтрымліваюцца да трохмесячнага ўзросту. Праца наша не з лёгкіх, але мне падабаецца.
Як мы даведаліся, амаль кожны месяц Алена Пучыла займае лідзіруючыя пазіцыі па прывагах жывёлы не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і сярод жывёлаводаў іншых сельгаспрадпрыемстваў. За люты сярэднясутачная прывага ў гурце цялят Алены склала 894 грамы, а гэта самы высокі паказчык у раёне.
У межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Гернат уручыў Алене Пучыла Падзяку за старанную працу, а таксама грашовую прэмію.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.