Па аператыўных зводках, якія кожны месяц дасылае ў рэдакцыю райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, лідзіруючыя пазіцыі сярод аператараў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы (звыш трох месяцаў) займае Вольга Красоўская. Жанчына працуе на МТФ «Сталіца» адкрытага акцыянернага таварыства «Княж».
— На сённяшні дзень у маім гурце 75 цялят, — кажа Вольга. — Працоўны дзень пачынаецца ў 6 гадзін раніцы. Складанасцей, канечне, шмат, бо працэс не механізаваны, усё трэба рабіць уручную. Двойчы за дзень чышчу ад гною клеткі, дзе ўтрымліваецца жывёла, калідоры. Потым раблю для яе свежую падсцілку з саломы, праводжу выпайку малаком, раздаю канцэнтраты, іншы корм, усё па зацверджаным спецыялістамі рацыёне. Вячэрнія чыстка і кармленне пачынаюцца ў 15 гадзін, а заканчваецца працоўны дзень амаль у 19 гадзін.
Вольга ў свой час працавала поварам у былым калгасе «Свабода», некаторы перыяд з’яўлялася лабарантам у сельгаспрадпрыемстве. Прафесія жывёлавода для жанчыны, безумоўна, не з лёгкіх, асабліва, калі ўмовы працы ўжо не адпавядаюць сучасным патрабаванням. Як запэўнілі ў адміністрацыі гаспадаркі, у памяшканні, дзе працуе Вольга Красоўская, будзе зроблены рамонт. А на сённяшні момант па выніках працы за верасень жанчына змагла атрымаць сярэднясутачную прывагу сваіх гадаванцаў на ўзроўні 814 грамаў. А гэта, дарэчы, лепшы паказчык у раёне.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.