Мясцовыя органы ўлады прымаюць непасрэдны ўдзел у вырашэнні многіх праблем вяскоўцаў. Зачастую, гэта першая інстанцыя, куды звяртаюцца сельскія жыхары за парадамі і дапамогай. На старонках раённай газеты мы пачынаем расказваць аб дзейнасці сельскіх Саветаў. Сёння аповед пойдзе пра тое, што ў мінулым годзе было зроблена дзеля дабрабыту жыхароў Іёдскага сельскага Савета.
Сельсавет у лічбах
На тэрыторыі Іёдскага сельсавета знаходзяцца 42 населеныя пункты. Найбольш буйныя з іх — аграгарадкі Іёды, Буеўшчына, Шыці, вёскі Сасноўцы, Валожынкі. Усяго ў населеных пунктах зарэгістравана 1252 чалавекі. Маладзей працаздольнага ўзросту налічваецца 159 чалавек, працаздольнага — 719, старэй працаздольнага — 374 чалавекі. Сваю дзейнасць тут ажыццяўляюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Буеўшчына» і «Даватарскі», адна сялянска-фермерская гаспадарка, функцыянуе 16 аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, Іёдскае лясніцтва.
Ахова здароўя — пад пільным кантролем
Як вядома, ахова здароўя грамадзян з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў палітыкі нашай дзяржавы. На тэрыторыі сельсавета кваліфікаваныя медыцынскія паслугі насельніцтву аказвае Іёдская ўрачэбная амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, на абслугоўванні якой знаходзіцца 681 чалавек. Акрамя гэтага дзейнічаюць Лонскі і Сасноўскі фельчарска-акушэрскія пункты. Дарэчы, апошні размяшчаецца ў вёсцы Валожынкі. У мінулым годзе ва ўстановах праведзены рамонт, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя. Медыцынскія работнікі двойчы ў год праводзяць падворны абход насельніцтва з мэтай выяўлення захворванняў. Урач кожныя панядзелак і пятніцу праводзіць прыём пацыентаў у амбулаторыі, а на ФАПах — кожную чацвёртую сераду месяца.
Атэстат — пуцёўка ў дарослае жыццё
Нягледзячы на той факт, што з кожным годам колькасць навучэнцаў у школах скарачаецца, у Іёдскай СШ грамату на сённяшні дзень спасцігаюць 65 хлопчыкаў і дзяўчынак. Дадаткова ў дзіцячым садзе, які функцыянуе на базе школы, выхоўваюцца 10 дзетак. Для 44 навучэнцаў арганізаваны цэнтралізаваны падвоз школьнымі аўтобусамі. Ва ўстанове адукацыі ў наяўнасці маюцца сучасныя сродкі для арганізацыі паўнацэннага працэса навучання і выхавання дзяцей. Па жаданні вучняў і іх бацькоў з сёлетняга навучальнага года арганізавана работа 16 факультатыўных заняткаў гуманітарнай, матэматычнай, спартыўнай і мастацка-эстэтычнай накіраванасці. У мінулым годзе атэстат сталасці — пуцёўку ў дарослае жыццё — атрымалі чатыры выпускнікі.
Папрацаваўшы, хочацца і адпачыць
— Наша бібліятэка-клуб заўсёды запатрабавана ў мясцовых жыхароў, — кажа загадчык установы культуры, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, член Беларускай партыі «Белая Русь» Наталля Кандрацьева. — Вялікую ўвагу ў сваёй дзейнасці я надаю інфармацыйнай рабоце. У бібліятэцы аформлены тэматычны стэнд, дзе чытачы могуць знайсці інфармацыю па актуальных пытаннях грамадскага жыцця краіны, сацыяльна-эканамічным развіцці рэспублікі, вобласці, раёна. Штогод з дапамогай мясцовага сельгаспрадпрыемства «Буешчына» і Іёдскага сельсавета праводзім дзіцячыя ранішнікі, тэматычныя канцэрты, святы вёсак. Мы заўсёды цесна супрацоўнічаем з установамі культуры аграгарадка Іёды — бібліятэкай і сельскім Домам культуры. Каб адпачынак жыхароў нашых вёсак быў разнастайным і прыносіў задавальненне, праводзім мерапрыемствы для ўсіх катэгорый насельніцтва.
«Мэр» Буеўшчыны
Рычард Будзіч па адукацыі педагог. У свой час быў намеснікам старшыні калгаса «Камінтэрн». Гэта чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, з’яўляецца старэйшынай аграгарадка Буеўшчына. Ён — сувязное звяно паміж вяскоўцамі і кіраўніцтвам гаспадаркі. Калі ўзнікаюць якія-небудзь пытанні жыццядзейнасці, старэйшына заўсёды ідзе насустрач сваім землякам. Актыўна кантактуе Рычард Будзіч з часова выконваючым абавязкі старшыні Іёдскага сельсавета, членам Беларускай партыі «Белая Русь» Іванам Пачкоўскім. Разам яны вядуць дзелавыя перамовы, не толькі па тэлефоне, але і пры частых асабістых сустрэчах. На думку прадстаўніка мясцовай улады, менавіта такая форма работы з людзьмі прыносіць свае станоўчыя поспехі.
Для людзей і разам з імі
Каб заахвоціць людзей да якой-небудзь агульнай справы, кіраўнік сельсавета сваім прыкладам заўсёды пакажа як і што трэба зрабіць. Прыйшла вясна — пара пачынаць добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Тады Іван Пачкоўскі сам бярэ ў рукі трымер або звычайную касу і разам з іншымі пачынае наводзіць парадак. Так жа і ў іншых справах. Калі вяскоўцы фарбуюць агароджу, то і кіраўнік мясцовай адміністрацыі таксама побач. Трэба адрамантаваць агароджу на могілках — і туды першым спяшаецца на дапамогу кіраўнік сельвыканкама. Наогул, пад пільным кантролем Івана Пачкоўскага ўся інфраструктура і яе функцыянаванне ў любую пару года, у любы час сутак.
Што зроблена і што наперадзе?
За мінулы год праведзены значны аб’ём работ па добраўпарадкаванні. Выдалены аварыйныя дрэвы на могілках вёсак Варонка, Корніца, Амбросенкі. Праведзена афарбоўка жалезабетоннай агароджы ўздоўж цэнтральных вуліц аграгарадкоў Буеўшчына, Іёды. Праведзена работа па зносе пустуючых дамоў. На пастаяннай аснове ажыццяўляецца рамонт пясчана-гравійнага пакрыцця дарог Лонскія—Зябліны і Лонскія—Свілы. Адрамантаваны ўчастак дарогі па завулку Даватарскім у вёсцы Валожынкі, пакладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё па вуліцы Даватарскай у гэтым жа населеным пункце.
— А наперадзе нас чакае карпатлівая штодзённая праца, накіраваная на паляпшэнне дабрабыту жыхароў вёсак нашага сельсавета, — упэўнена прамовіў Іван Пачкоўскі. — Цвёрда ўпэўнены, што разам, сумеснымі намаганнямі мы ў стане зрабіць свой маленькі куточай вялікай сінявокай Беларусі яшчэ больш прыгожым, утульным і камфортным для жыцця. Усё залежыць ад кожнага з нас.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.




