Велікодная раніца пачынаецца для нас чарговы раз словамі: Хрыстос уваскрос! Гэта старажытныя словы , але якія ж заўсёды новыя! Нібы пачутыя першы раз, яны зноў перапаўняюць нашыя сэрцы сапраўднай радасцю і умацоўваюць нашую хрысціянскую веру і надзею. Уваскрослы Хрыстус, якога сустрэла Марыя Магдалена ў раніцу з мёртвых паўстання, які прыйшоў да сваіх вучняў, Ён той самы, які прыходзіць сёння да нас і да ўсяго свету. Мая асабістая радасць, перажыванне святых дзён Мукі і Уваскрасення Пана, як кропля, што злучаецца з такімі ж іншымі кроплямі хрысціянскай веры па ўсім свеце і ўтварае вялікую раку, што поіць зямлю надзеяй і дае чалавеку надзейны фундамент і сэнс майму існаванню. Пандэмія, эканамічныя крызісы, войны, кожная несправядлівасць з якой мы сусутракаемся, гэта доказ недасканаласці свету пасля грэхападзення і таго, што чалавек дрэнна карыстаецца створаным Богам светам.Аднак усё гэта не можа перакрэсліць прысутнасці Хрыста. Ён уваскрос! Перамог д’ябла — прычыну ўсялякага зла і з’яўляецца тым, хто працягвае кожнаму з нас руку надзеі.
Няхай сустрэча з Уваскрослым Панам у святочнай літургіі ўмацуе веру кожнага з нас. Няхай словы вучняў з Эмаўс: “Пане, астанься з намі” (Лк 24, 28-29) будуць выразам найглыбейшых жаданняў нашых душаў у гэты асаблівы дзень. Кожны па-свойму, але няхай сёння адчуем радасць, якая ўжо дзве тысячы год гучыць у касцёле і рэха якой не змоўкне ніколі.
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Радасных Велікодных святаў жадаюць ксёндз Андрэй Кулік і святары Міёрскага дэканату.