
У аграгарадку Лужкі побач з бальніцай сястрынскага догляду размешчаны будынак аптэкі № 99 трэцяй катэгорыі. У перыяд з 2012 года па верасень сёлетняга года тут праводзіўся цякучы рамонт з мадэрнізацыяй. Сродкі на яго выдзяляліся Віцебскім унітарным прадпрыемствам “Фармацыя”. Падчас рамонту быў заменены дах, аконныя і дзвярныя блокі, вонкавая старана сцен абшыта ўцяпляльнікам. Для зручнасці наведвання аптэкі людзям з абмежаванымі магчымасцямі на ўваходзе ўстаноўлены пандус. Унутры ж самой установы заменена ацяпляльная сістэма, закуплена новае сучаснае абсталяванне і мэбля. Да ведама пакупнікоў на стэндах размешчана ўся неабходная інфармацыя аб уласцівасцях і якасцях лекавых сродкаў. Загадчыца Галіна Іванаўна Нікіфарава вельмі задаволена цяперашнім станам аптэчнай установы, бо зараз працаваць у новых умовах стала значна зручней і камфортней. Павысілася якасць абслугоўвання наведвальнікаў.

Сяргей РАЙЧОНАК.