
15 каманд аб’яднаў на мінулым тыдні агляд-конкурс прафесійнага майстэрства сярод вадзіцеляў устаноў аховы здароўя Віцебскай вобласці. У агульнакамандным заліку перамогу заваявалі шаркаўчане — вадзіцелі хуткай дапамогі Анатолій Машнюк і Уладзімір Грыцыў, а таксама начальнік гаспадарчай службы і па сумяшчальніцтве механік Аляксандр Лунскі. Адзін з лепшых рэзультатаў у асабістым заліку прадэманстраваў самы малады ўдзельнік каманды Шаркаўшчынскай ЦРБ Уладзімір Грыцыў: яму прысуджана 2-е месца сярод аўтамабілістаў медустаноў нашай вобласці падчас правядзення конкурсу прафесійнага майстэрства. Дадому каманда пераможцаў прывезла кубак і дыпломы.
— Вадзіць аўтамабіль хуткай дапамогі — вельмі адказная работа. Ад дзеянняў вадзіцеля залежыць, ці будзе своечасова аказана дапамога, таму патрэбна ўмець спраўляцца са стрэсам і адэкватна рэагаваць на любыя дарожныя сітуацыі, — кажа намеснік галоўнага ўрача Шаркаўшчынскай ЦРБ Мікалай Манкевіч. — Гэта перамога сведчыць пра высокі ўзровень падрыхтоўкі вадзіцеляў хуткай дапамогі ў нашым раёне, іх дастатковы вопыт, адказнасць і прафесійныя навыкі.
Вадзіцель першага класа Анатолій Машнюк за рулём з 1991 года, апошнія 14 год — вадзіцель хуткай дапамогі. Без перабольшвання можна сказаць, што ў нашымі раёне не засталося ніводнага населенага пункта і нават вуліцы, дзе б Анатолій Міхайлавіч не пабываў па сваёй працы. “Насельніцтва, асабліва ў вёсках, не маладзее. Людзі хварэюць усюды. Таму за 14 год маёй працы лягчэй пералічыць тыя адрасы, дзе я разам з маімі калегамі па выкліках яшчэ не бываў, чым тыя, па якіх даводзілася выязджаць”, — адзначае сам вадзіцель. Гэта і не дзіўна, толькі за суткі на станцыю хуткай дапамогі ў нашым гарадскім пасёлку паступае дзясяткі выклікаў з розных куточкаў гарадскога пасёлка і раёна, дзе людзі чакаюць дапамогі медыкаў.
Уладзімір Грыцыў апошнія 6 гадоў з’яўляецца вадзіцелем Шаркаўшчынскай ЦРБ, 5 з іх працуе на “хуткай”. За рулём мужчына з 18 год. Неабходныя вадзіцельскія навыкі набываў падчас працы ў КУВСП імя Маркава, затым — на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, адкуль і перайшоў на працу ў калектыў цэнтральнай раённай бальніцы. Цяпер ён не проста шафёр, а неад’емная частка дзяжурнай медыцынскай брыгады, ад кваліфікацыі, хуткіх і зладжаных дзеянняў якой залежыць вельмі многае. Нягледзячы на ўсю складанасць і высокі ўзровень адказнасці, работа Уладзіміру падабаецца. А 2-е месца на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод вадзіцеляў медыцынскіх устаноў — лепшы доказ таму, што сваё месца працы 5 год назад ён выбраў правільна.
Разам з вадзіцелямі на конкурсе прафесійнага майстэрства Шаркаўшчынскую ЦРБ у якасці механіка прадстаўляў Аляксандр Лунскі, які на працягу трох гадоў працуе начальнікам гаспадарчай службы і механікам нашай цэнтральнай раённай бальніцы. У ліку шматлікіх абавязкаў мужчыны — забеспячэнне аўтатранспарту медыцынскай установы неабходнымі запчасткамі. Дзякуючы добрасумленай працы Аляксандра Лунскага машыны медыкаў не падводзяць і “хуткая” па выкліку прыязджае своечасова. Дарэчы, рамантуюць свае службовыя аўтамабілі самі вадзіцелі.
А на конкурсе прафесійнага майстэрства Аляксандр, як прафесійны аўтамеханік, хутка і правільна выканаў тэарэтычнае заданне, а потым выдатна справіўся і з практычным: знайшоў усе няспраўнасці аўтамабіля, пры якіх яго ўдзел у дарожным руху забаронены. Вадзіцелі падчас правядзення тэарэтычнага выпрабавання прадэманстравалі свае веды правілаў дарожнага руху. Своеасаблівы залік па ваджэнні аўтамабіля для вадзіцеляў хуткай дапамогі быў, безумоўна, зусім не простым. Удзельнікі конкурсу прафмайстэрства максімальна хутка і беспамылкова павінны былі прыпаркавацца па дыяганалі, заехаць у гараж заднім ходам, акуратна і спрытна, аб’язджаючы перашкоды, выканаць “змейку”. Лепш і хутчэй за іншых усе гэтыя выпрабаванні выканала брыгада Шаркаўшчынскай ЦРБ. У выніку — агульнакаманднае першае месца ў конкурсе прафесійнага майстэрства. Віншуем з заслужанай перамогай!
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
