Пасля заканчэння школы Ірына Катовіч (на здымку) марыла стаць юрыстам. Але лёс распарадзіўся іначай: жанчына знайшла сябе ў сферы зоатэхніі.
— Калі не пашчасціла паступіць на юрыдычны факультэт, вельмі перажывала, — успамінае Ірына, — але я знайшла сябе ў іншай сферы дзейнасці. Спачатку скончыла Лужаснянскі аграрны каледж па спецыяльнасці «зоатэхнія». Затым набыла вышэйшую адукацыю ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. А свой працоўны шлях звязала з малой радзімай.
Пачынала працаваць заатэхнікам-селекцыянерам у ААТ «Жвіранка», паступова набіралася вопыту. Калі галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Валянціна Ганус пайшла на заслужаны адпачынак, кіраўніцтва гаспадаркі прызначыла мяне на гэту адказную пасаду. Прыходзілася пераадольваць шматлікія цяжкасці. Здаралася так, што нават плакала па начах, бо іншы раз працоўныя моманты ставілі ў тупік, з якога складана было знайсці выйсце. Але паступова, крок за крокам, сітуацыя пачала мяняцца ў лепшы бок. І ў цяперашні час існуе шмат складанасцей і праблем у галіне жывёлагадоўлі. Асноўная з іх — недахоп кваліфікаваных кадраў. На цяперашні момант важкую дапамогу нам аказваюць спецыялісты Шаркаўшчынскай райветстанцыі, Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры.
Душэўным прытулкам, як і для любога чалавека, з’яўляецца сям’я. Для мяне гэта надзейны тыл, дзе заўсёды выслухаюць, дадуць параду, суцешаць. Тады і на сэрцы становіцца лягчэй, і з новымі сіламі крочыш на працу.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

