У ААТ «Агратэхсэрвіс» жніво пачалі з уборкі рапсу і азімай пшаніцы

Сельское хозяйство

вадзіцель Яўгеній Рагачэўскі, памочнік камбайнера Мікіта Грыгаровіч, камбайнер Валерый Александровіч і дырэктар Міхаіл Кавалёнак
вадзіцель Яўгеній Рагачэўскі, памочнік камбайнера Мікіта Грыгаровіч, камбайнер Валерый Александровіч і дырэктар Міхаіл Кавалёнак

Сёлета раней, чым у мінулыя гады, у сельгаспрадпрыемствах раёна стартавала ўборачная кампанія — пачалося жніво 2021 года.
Як звычайна, першым убіраюць азімы рапс. Мы паведамлялі на старонках раённай газеты, што да ўборкі гэтай культуры прыступілі хлебаробы ААТ “Жвіранка”. Услед за імі распачалі ўборку аграрыі іншых гаспадарак, у тым ліку і ААТ “Агратэхсэрвіс”. У гэтай гаспадарцы трэба ўбраць азімы рапс з плошчы 309 гектараў.
— Спачатку мы абмалочваем горшыя ўчасткі, на якіх расце гэта культура, — кажа дырэктар ААТ “Агратэхсэрвіс” Міхаіл Кавалёнак. — Сярэдняя ўраджайнасць складае прыкладна 10-12 цэнтнераў з гектара. Упэўнены, што ўраджайнасць будзе значна большая на лепшых участках палёў.
Абмалот вядуць два камбайны КЗС-1218, за штурваламі якіх вопытныя камбайнеры Валерый Александровіч і Анатолій Грыгаровіч. Дарэчы, апошні працуе з памочнікам — сынам Мікітам, які згадзіўся дапамагчы бацьку і зарабіць крыху грошай перад паступленнем у навучальную ўстанову. На адвозе зерня задзейнічаны адзін грузавы аўтамабіль МАЗ. На ім працуе Яўгеній Рагачэўскі.
Усяго ў гаспадарцы 8 зернеўборачных камбайнаў. Палова з іх гатова да выезду ў поле, астатнія за пару дзён мы абавязкова давядзём да ладу. За кожным камбайнам мы замацавалі грузавыя аўтамабілі, каб без прамаруджвання адвозіць зерне. Галоўнае цяпер, каб не падводзіла надвор’е і тэхніка. Вось з апошнім значна складаней, бо камбайны выпрацавалі свой рэсурс. Некаторым машынам па 12-15 год, а гэта, самі ведаеце, для тэхнікі вельмі вялікі тэрмін эксплуатацыі. Не памылюся, калі скажу, што толькі дзякуючы нашым сумленным і старанным механізатарам тэхніка ў чарговы раз выйшла ў поле.
Паралельна з уборкай азімага рапсу пачалі выбарачны абмалот азімай пшаніцы. Яе трэба ўбраць з плошчы 1800 гектараў. Сёлета гэта культура вырасла лепшая, чым у мінулым годзе. Вось толькі з-за засухі колас наліўся не ў поўнай меры — зерне дробнае. Усяго ж зерневы клін па гаспадарцы складае 3100 гектараў. Усе мы ўпэўнены, што ўборачную кампанію 2021 года правядзём без страт і ў аптымальныя агранамічныя тэрміны. Сваю задачу мы выканаем бездакорна.
Сяргей РАЙЧОНАК.