З насельніцтвам аграгарадка Більдзюгі сустрэлася інфармацыйна-прапагандысцкая група

Общество

Чарговая сустрэча членаў інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама з работнікамі ААТ «Жвіранка» і жыхарамі аграгарадка Більдзюгі прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу.

Асноўнай тэмай гутаркі стала «Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: будучае залежыць ад нас». Як вядома, выбары кіраўніка дзяржавы пройдуць 26 студзеня 2025 года. Аб важнасці актыўнай грамадзянскай пазіцыі і выбары кожнага, хто акажа ўплыў на будучае нашай краіны, расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Арэшкаў:

— Выбары — гэта палітычны інструмент, дзякуючы якому грамадзяне надзяляюць кіруючымі паўнамоцтвамі тых, каму давяраюць і ў кім бачаць свайго лідара, які можа забяспечыць мір, развіццё і дабрабыт, — падкрэсліў кіраўнік раённага дэпутацкага корпусу.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Людміла Стома расказала пра стадыі выбарчай кампаніі. Падрабязна спынілася на Інстытуце прэзідэнцтва, на дасягненнях і поспехах прайшоўшага трыццацігоддзя ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

Прысутныя мелі магчымасць задаць членам інфармацыйна-прапагандысцкай групы пытанні. Жыхароў аграгарадка хвалююць разнастайныя праблемы жыццядзейнасці. У населеным пункце не дзейнічае фельчарска-акушэрскі пункт. У аграгарадку функцыянуюць дзіцячы сад і сярэдняя школа, дзе дзецям павінна аказвацца на пастаяннай аснове кваліфікаваная медыцынская дапамога.

Часова не працуе аддзяленне паштовай сувязі: няма жадаючых працаўладкавацца. Насельніцтва, асабліва пенсіянеры, не маюць магчымасці аплаціць камунальныя плацяжы, выпісаць перыядычныя выданні. Як паведаміла старшыня мясцовага сельвыканкама Алена Чарняўская, калі пытанне не будзе вырашана станоўча, 31 снежня аддзяленне быдзе закрыта.

Шмат нараканняў было выказана ў адрас камунальнікаў. Двойчы ў месяц грузавы аўтамабіль УКП ЖКГ ажыццяўляе збор смецця ў сельскіх населеных пунктах, але па невядомых прычынах цвёрдыя камунальныя адходы не вывозяцца з грамадзянскіх могілак.

Сяргей Арэшкаў узяў пад асабісты кантроль выпраўленне ўзнятых праблем. Адны з іх патрабуць кардынальнага вывучэння, іншыя з’яўляюцца цалкам вырашальнымі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.