Наш маляўнічы край упрыгожваюць не толькі помнікі архітэктуры, прыроды, яго праслаўляюць сваімі справамі славутыя землякі, усхваляюць у вершах і прозе паэты і пісьменнікі.
Шмат твораў роднай Шаркаўшчыне прысвячаюць удзельнікі народнага калектыву літаратурнай творчасці «Світанак». Гэта людзі рознага ўзросту, розных прафесій, розных захапленняў. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адно — любоў да творчасці, да роднага слова, шаркаўшчынскага краю, Радзімы.
Удзельнікі «Світанка» сабраліся ў чарговы раз, каб падвесці вынікі сваёй працы, акрэсліць планы на 2025 год. Калектыў у мінулым годзе вельмі плённа працаваў, прыняў удзел у шматлікіх конкурсах, фестывалях. Паэтычнае слова шаркаўчан можна было пачуць на міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік » у Паставах, на абласным аглядзе-конкурсе ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», на абласным конкурсе «Вялікай Перамозе прысвячаецца». Амаль усе культурна-масавыя мерапрыемствы раённага маштабу праходзяць са «Світанкам». Гэта творча ўзбагачае калектыў, робіць яго прыцягальным для новых удзельнікаў.
З нядаўняга часу ў аб’яднанні працуе Аліна Шынкевіч, пра якую змяшчаліся артыкулы на старонках раённай газеты. Напрыканцы года да калектыву шаркаўшчынскіх літаратараў далучылася Рыма Ляшко (на здымку). Жыхары гарадскога пасёлка ведаюць гэту жынчыну як былую настаўніцу сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Захапляецца яна яшчэ і напісаннем вершаў. Падчас чарговага паяджэння народнага калектыву Рыма прэзентавала свой першы зборнік вершаў «Гучыць маё слова». Кнігу, якая выйшла самавыдатам, дапамаглі аформіць даўнія сябры «Світанка» Віктар Лагун і Міледзій Кукуць, бібліятэкар Радзюкоўскай бібліятэкі Валянціна Абрамава.
Сёлетні год праходзіць пад знакам 80-годдзя Вялікай Перамогі. Удзельнікі калектыву прынялі рашэнне звярнуць увагу ў напісанні твораў на гэту тэму. Вельмі важна памятаць неўміручы подзвіг дзядоў і прадзедаў, паклаўшых сваё жыццё на алтар Перамогі. У хуткім часе вершы шаркаўшчынскіх літаратараў выйдуць на старонках раённай газеты.
Як пацвердзіла кіраўнік калектыву Ала Клакоўская, наперадзе ў мясцовых паэтаў і пісьменнікаў новыя творчыя задумкі і планы, якія абавязкова ўвасобяцца ў жыццё.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

