
12 лютага медыцынскія работнікі ў вялікай зале райвыканкама падвялі вынікі работы за мінуўшы 2013 год і намецілі планы, якія трэба рэалізаваць сёлета. Са справаздачным дакладам перад прысутнымі выступіў галоўны ўрач УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” С. Т. Стома. Садаклад зрабіў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна У. Л. Грашчанка. Галоўная медыцынская сястра і старшыня прафсаюзнага камітэта В. У. Хаданёнак паведаміла прысутным аб рабоце, якая праводзіцца ў працоўным калектыве па актывізацыі грамадскай дзейнасці, удзеле ў шматлікіх мерапрыемствах рознай накіраванасці, тых клопатах, якія праяўляюцца аб кожным работніку ўстановы прафсаюзным камітэтам. Галоўны бухгалтар цэнтральнай раённай бальніцы В. П. Крысікава падвяла фінансавыя вынікі 2013 года, акрэсліла асноўныя задачы на бягучы год.
У рабоце пасяджэння выніковага медыка-санітарнага савета прынялі ўдзел і выступілі намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі і галоўны ўрач Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы А. В. Гудкоў. Яны станоўча ацанілі работу калектыву медыкаў па рэалізацыі тых задач, якія неабходна было вырашыць на працягу 2013 года, пажадалі прысутным мэтанакіраванай і плённай дзейнасці ў бягучым годзе, калі перад імі акрэслены канкрэтныя арыенціры па аздараўленню і лячэнню жыхароў Шаркаўшчынскага раёна.
На пасяджэнні савета Ганаровымі граматамі ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама ўзнароджаны загадчык акушэрска-гінекалагічным аддзяленнем райбальніцы А. В. Цішонак і псіхіятр-нарколаг К. В. Галай за шматгадовую, добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм.

Станоўча адзначана работа медыкаў і на раённым узроўні. Намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі павіншаваў з узнагароджваннем Ганаровымі граматамі райвыканкама загадчыка аддзялення анэстэзіялогіі і рэанімацыі раённай бальніцы У. Ф. Майсяёнка і ўрача агульнай практыкі Лужкаўскай урачэбнай амбулаторыі А. І. Алексіну. Падзяка старшыні райвыканкама ўручана фельчару-лабаранту мікрабіялагічнай лабараторыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Г. І. Тарарака, памочніку ўрача-эпідэміёлага РЦГЭ А. У. Лабэцкай, лабаранту ЦРБ К. Ю. Рашэтнікавай і ўчастковаму тэрапеўту А. А. Каралько.
Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы С. Т. Стома ўручыў Ганаровыя граматы УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” урачу-хірургу А. У. Селіванавай, участковаму тэрапеўту Н. І. Пяткевіч, рэнтрэнлабаранту Т. М. Анецька, загадчыцы Сасноўскім ФАПам А. І. Вілманс, медыцынскім сёстрам Ж. І. Праўдавіцкай, Л. А. Грыцкевіч, А. Р. Хаданёнак, З. В. Пракаповіч, бухгалтару Г. М. Буйка і сакратару М. І. Ермаковіч.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.