Героямі праекта «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль» стала сям’я Аляксандра і Вольгі Рамановічаў

Общество

Шчасце — паняцце адноснае. Для адных — гэта каханне, матэрыяльны дастатак, дабрабыт. Для іншых — дасягненне якой-небудзь мэты, набыццё рэчы, аб якой марыў пэўны час. Для Вольгі і Аляксандра Рамановічаў з аграгарадка Радзюкі шчасце, найперш, у дзецях, іх цудоўных дзяўчынках.

Ганарымся сям’ёй

Сямейны стаж Рамановічаў налічвае 16 гадоў. За гэты час Аляксандр і Вольга зразумелі, што для таго, каб у доме панавала шчасце, неабходна шмат працаваць над сабой. Трэба ўмець размаўляць адзін з адным, слухаць і чуць сваю другую палову, ісці на кампрамісы, давяраць, падтрымліваць.

Вольга родам з Гарадоцкага раёна. У КУВСП імя Маркава яна прыехала па размеркаванні на сваё першае працоўнае месца, дзе ёй прапанавалі вакансію юрыста. Аляксандр мясцовы жыхар, у аграгарадку Радзюкі нарадзіўся і вырас. Менавіта там маладыя людзі і пазнаёміліся. А калі стварылі сваю сям’ю, атрымалі дом ад гаспадаркі. Апошнія 10 год Вольга працуе кіраўніком спраў у Радзюкоўскім сельвыканкаме, Аляксандр — электраманцёрам па эксплуатацыі размеркавальных сетак у Шаркаўшчынскім РЭС. У іх ёсць падсобная гаспадарка, радуе ўраджаямі прысядзібны ўчастак. Сям’я Рамановіч 10 гадоў таму стала пераможцай рэспубліканскага этапа сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». З той пары прайшло шмат часу. Нязменным застаецца адно: на такіх дружных і працавітых сем’ях па-ранейшаму трымаецца сучасная вёска.

Аляксандр і Вольга выхоўваюць дваіх дзяцей. Старэйшай Кацярыне 15 год, яна вучыцца ў 9 класе сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына. Дзяўчынка выдатна вучыцца, у мінулым годзе яна скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, нядрэнна іграе на гітары, захапляецца танцамі, разам з аднакласнікамі і класным кіраўніком вывучае праблемы экалогіі, вядзе школьны акаунт «Эко-ЯВКА» ў сацыяльных сетках. Каця — пастаянная ўдзельніца многіх школьных мерапрыемстваў і святаў, што праходзяць у аграгарадку Радзюкі. А ў сельскім Доме культуры яна праводзіць заняткі па харэаграфіі для мясцовых дзяцей, і, трэба адзначыць, гэта ў яе выдатна атрымліваецца.

Малодшая ў сям’і — дванаццацігадовая Ганна, вучыцца ў 6 класе, як і сястра захапляецца музыкай, танцамі, іграе на розных музычных інструментах, сярод якіх баян і гітара, добра спявае, удзельнічае ў святочных мерапрыемствах Радзюкоўскага сельскага Дома культуры, выступае на сцэне.

Традыцыі і памяць

У сям’і Рамановічаў захоўваецца сувязь пакаленняў, вывучаюцца сямейныя традыцыі. Бацькі разам з дзецьмі у свой час грунтоўна папрацавалі над складаннем свайго радаводу: распытвалі ў дзядуль і бабуль, іншых родных людзей, дзе пражывалі, кім былі і чым займаліся іх продкі. Вынікам сумеснай карпатлівай працы стала складанне генеалагічнага дрэва. Сям’я Рамановіч ведае аж да сёмага калена, як зваліся, дзе жылі і чым займаліся іх родныя. Звесткі пра кожнага продка беражліва захоўваюцца і перадаюцца наступным пакаленням. Ёсць у Рамановічаў і свая сямейная рэліквія — гадзіннік з боем, якому больш за шэсцьдзясят гадоў.

— Гадзіннік займае ганаровае месца ў доме нашай бабулі Іі, —расказалі Кацярына і Ганна. — Яшчэ ў раннім дзяцінстве мы любілі назіраць, як бабуля раз у тыдзень станавілася на крэсла, беражліва адчыняла дзверцы гадзінніка, устаўляла ў адтуліну маленькі ключык і заводзіла механізм. А з’явіўся гэты гадзіннік у сям’і, калі прадзед Аляксей і прабабка Фацылія працавалі ў леспрамгасе. Прадзед сплаўляў лес па рацэ, бабуля была вартаўніком. Са сваіх заробкаў нашы продкі і адкладвалі грошы на гэту цудоўную рэч. Дома прадзед беражліва павесіў гадзіннік на ганаровае месца. З таго часу — гэта наша сямейная рэліквія і памяць аб родных.

— На тэрыторыі Радзюкоўскага сельсавета пражывае шмат цудоўных сем’яў, а Аляксандр і Вольга Рамановічы заўсёды ў ліку лепшых, — адзначыў старшыня Радзюкоўскага сельвыканкама Аляксандр Цітовіч. — Яны па-гаспадарску наводзяць парадак на сваім падворку, шчыра і старанна працуюць, паважаюць сямейныя традыцыі і сваім прыкладам паказваюць землякам , што жыццё на сяле можа быць цікавым і насычаным. Стараемся такія сем’і падтрымліваць, дапамагаем разабрацца ў праблемах і ўбачыць перспектывы. Усе разумеюць, што будучыня вёсак і аграгарадкоў за моцнымі маладымі сем’ямі. Вельмі важна ствараць такія ўмовы, каб людзі хацелі жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. Гэта сёння адна з важнейшых задач, пастаўленая Прэзідэнтам.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.