У мінулым годзе ААТ «Буеўшчына» атрымала новы зернеўборачны камбайн «Палессе» КЗС-1218. Кіраўніцтва гаспадаркі даручыла тэхніку механізатару Ігару Грайчонку. Сёлета мужчына ўбірае на ім збажыну другі сезон. Калі нядаўна надарылася магчымасць зноў атрымаць новы камбайн, механізатары вагаліся ў думках, каму пашчасціць кіраваць ім. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Странчэўскі ўручыў ключы ад тэхнікі Сяргею Носку, які мае немалы вопыт ва ўборцы збожжа.
У той жа дзень абнавіўся парк зернеўборачных камбайнаў у КУВСП імя Маркава — новы «Палессе» КЗС-1218 прыйшоў і ў гэту гаспадарку. Кіраваць тэхнікай пашанцавала аднаму са старэйшых механізатараў сельгаспрадпрыемства Станіславу Странчэўскаму (на здымку).
— Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2025 года № 284 «Аб фінансаванні суб’ектаў аграпрамысловага комплексу» новыя зернеўборачныя камбайны набылі ААТ «Буеўшчына» і КУВСП імя Маркава, — растлумачыў начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Валерый Катовіч. — У хуткім часе аналагічная тэхніка паступіць у ААТ «Даватарскі» (1 камбайн) і ААТ «Агратэхсэрвіс» (2 камбайны). Несумненна, гэта істотна паўплывае на якасць і хуткасць жніва. Галоўнае цяпер, каб не падводзіла надвор’е, а шчыра і самааддана працаваць нашы аграрыі ўмеюць.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
