У ААТ “Даватарскім” пасяўную кампанію пачалі з аўса

Сельское хозяйство

механізатар Мікалай Дарашчонак

Працаўнікі сяла, асабліва тыя, хто шмат гадоў адпрацаваў у сельскай гаспадарцы, не памятаюць прыходу такой ранняй вясны, як сёлета. У некаторых гаспадарках раёна ўжо ў канцы сакавіка пачалася сяўба яравых культур. У ліку першых вывелі сваю магутную тэхніку на палеткі і сейбіты з ААТ “Даватарскі”. Тут пасяўная кампанія пачалася 1 красавіка.

У аддзяленні Паянычы на першым падрыхтаваным полі плошчай 75 гектараў правялі сяўбу аўса. Ужо пяты сезон запар шчыруе на пасяўной вопытны механізатар Мікалай Дарашчонак. Вось і сёлета, пасля праведзеных зімою работ па рамонце трактара МТЗ-3022 і шыроказахопнай сеялкі АПП-6А, ён першым у гаспадарцы ўключыўся ў пасяўную кампанію. На падвозцы насення для запраўкі пасяўнога агрэгата задзейнічаны механізатар Юрый Ардынскі.

Начальнік аддзялення Міхаіл Марозаў паведаміў, што напачатку падкармілі азімыя культуры. Дарэчы, у гаспадарцы іх страты пасля зімовых халадоў адносна невялікія, хоць і патрабуецца выбарачны рамонт. На дадзеным этапе з дапамогай культыватараў праводзіцца прасушка глебы і падрыхтоўка яе да засейвання.

Несумненна, што самая гарачая пара зараз настала і для галоўнага агранома гаспадаркі Паўла Яфімава. У тым, наколькі зладжана, аператыўна і эфектыўна спрацуе агранамічная служба сельгаспрадпрыемства падчас веснавой пасяўной кампаніі, напрамую залежыць якасць і колькасць сабранага ўраджаю восенню.

— Сёлета яравы клін гаспадаркі павінен скласці 1500 гектараў. Плануем пасеяць ячмень, авёс, рапс, зернебабовыя культуры, адналетнія травы. Для таго, каб укласціся ў самыя аптымальныя тэрміны па сяўбе, працоўны дзень пачынаем у 6 гадзін раніцы і заканчваем у 10 гадзін вечара. Праводзім культывацыю глебы для хутчэйшага яе падсыхання, вывазку арганічных угнаенняў, баранаванне пашы і іншыя работы. У цэлым, пасяўную кампанію плануем завяршыць за 12-15 дзён, галоўнае, каб не падводзіла надвор’е і ў наяўнасці былі гаручазмазачныя матэрыялы.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *