Папаўняюцца рады шаркаўшчынскіх афіцэраў

Общество Патрыятычнае выхаванне

Члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» правялі чарговую нараду, на якой разгледзелі шэраг арганізацыйных пытанняў.

Кіраўнік арганізацыі Валерый Ан расказаў пра тую работу, якую афіцэры правялі на працягу 2024 года і працягваюць у сёлетнім годзе. Гэта ўдзел у выхаваўчых мерапрыемствах сярод падрастаючага пакалення, у дзяржаўных святах патрыятычнай накіраванасці, выступленне ў школах і маладзёжных калектывах арганізацый і прадпрыемстваў раёна, аказанне матэрыяльнай дапамогі сацыяльным установам, удзел у рэспубліканскіх дабрачынных акцыях.

На нарадзе было прапанавана выбраць новы склад Савета арганізацыі і рэвізійнай камісіі. Аднагалосна на чарговы тэрмін кіраўніком пераабраны падпалкоўнік у адстаўцы Валерый Ан, яго намеснікам стаў падпалкоўнік запасу Валерый Ліпскі, сакратаром — падпалкоўнік запасу Андрэй Протас. Рэвізійную камісію ўзначаліў начальнік адасобленай групы (Шаркаўшчынскага раёна) ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў маёр Дзмітрый Жораў.

Амаль кожны месяц у рады Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» уступаюць новыя члены. Як адзначыў Валерый Ан, гэта не толькі нашы землякі, але і жыхары суседніх раёнаў. Ва ўрачыстай атмасферы членскія білеты былі ўручаны работнікам органаў і падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — Уладзіміру Граковічу, Яўгену Альхімовічу, Паўлу Бураку, Мікіту Пурлану, Дзмітрыю Дзеркачу, Антону Пальчэху.

— Большасць з вас — маладыя афіцэры, якія зусім нядаўна апранулі пагоны, — адзначыў Валерый Ан. — Гэта вельмі ганарова і, разам з тым, адказна, бо кожны з вас цяпер стаіць на варце за мір і спакой нашых грамадзян.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.