Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень архівіста

Общество

Кожны год 6 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень архівіста.
У Шаркаўшчынскім раённым архіве 17181 справа на захоўванні, за бягучы год работнікамі архіва апрацавана 185 запытаў ад грамадзян і арганізацый. Гэта значыць, што ў 2025 годзе каля 185 жыхароў нашага раёна з дапамогай работнікаў архіва змаглі пацвердзіць свой стаж і памер заработнай платы.
— Архівіст павінен разумець падзеі, якія адбываліся ва ўсіх сферах, ведаць заканадаўства, каб правільна адказваць на запытанні. А работа з людзьмі — самая складаная. Бо часта менавіта архівісты вызначаюць этапы чалавечага лёсу. Гэта работа хоць і з дакументамі, але не проста папяровая, а часам і лёсавызначальная, — упэўнена дырэктар дзяржаўнай установы “Шаркаўшчынскі раённы архіў” Таццяна Танканог. Названую арганізацыю жанчына ўзначальвае з 2016 года. Разам з ёй у раённым архіве вядучым архівістам працуе Валянціна Пятроўна Гайдзель.
— Хачу павіншаваць самых заслужаных работнікаў нашай дзяржаўнай установы з днём архівіста, — паведаміла Таццяна Танканог. — У першую чаргу, былога кіраўніка раённага архіва Надзею Кукліну. На працягу 14 гадоў гэта жанчына ўзначальвала архіўную службу раёна, стаяла ля вытокаў яе ўтварэння і асабіста шмат зрабіла для таго, каб Шаркаўшчынскі раённы архіў паспяхова працаваў на карысць жыхароў нашага раёна. Шчырых слоў удзячнасці за сваю шматгадовую добрасумленную працу заслугоўвае і вядучы архівіст установы, спецыяліст з 25-гадовым стажам работы Валянціна Гайдзель — незамянімы ў нашым калектыве чалавек.