Шаркаўчане Андрэй і Марына Ліпскія любяць, паважаюць і давяраюць адно аднаму

Общество

Жыццё кожнага чалавека пачынаецца з сям’і. Ён складваецца ў ёй як асоба і ўвесь час развіваецца. У сям’і, у сваім доме, чалавек атрымлівае любоў, вучыцца павазе да іншых. Сям’я — наша апора і ахова, гэта самае важнае, што ёсць у кожнага з нас. Паважаныя чытачы, сённяшні наш аповед мы прысвяцілі шаркаўчанам — сям’і Андрэя і Марыны Ліпскіх.

На берагах Бярэзіны

Марына Пятроўна нарадзілася і вырасла ў горадзе Беразіно Мінскай вобласці. Бацькі працавалі ў сферы культуры. Тата, Пётр Фёдаравіч, на працягу дзесяці год узначальваў аддзел культуры Бярэзінскага райвыканкама, потым працаваў на партыйнай рабоце. Маці, Валянціна Мікалаеўна, з’яўлялася бухгалтарам мясцовага кінатэатра. Там жа, у Беразіно, пражывае і брат Марыны Дзмітрый.

— Яшчэ ў дзяцінстве мне падабалася маляваць, — кажа мая суразмоўца. — Чамусьці я лічыла, што малюю лепш за іншых сваіх аднакласнікаў. Захаплялася таксама і фізкультурай. Скончыла школу з сярэбраным медалём і паехала падаваць дакументы ў Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт, але, на жаль, не прайшла ўступныя іспыты. Альтэрнатывай для далейшай вучобы стала Бабруйскае мастацкае вучылішча, дзе я спасцігала мастацтва малюнка на працягу двух год. А пасля ўжо стала студэнткай мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава.

У маляўнічых шаркаўшчынскіх мясцінах

У вёсцы Юзэфова, якая размяшчаецца паблізу Шаркаўшчыны, у сям’і Міхаіла Генадзьевіча і Валянціны Арсеньеўны Ліпскіх нарадзіўся будучы муж Марыны Андрэй. Юнак з маленства захапляўся спортам, вельмі любіў урокі фізкультуры ў школе. Напэўна, таму Андрэй вырашыў, як і тата, стаць настаўнікам фізічнай культуры. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка ён паспяхова здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам факультэта фізічнага выхавання той жа ВНУ, дзе праз два гады пачала вучобу яго будучая жонка.

Ён не падобны на іншых

У гэтым і цяпер упэўнена Марына Пятроўна. Знаёмства з Андрэем у іх адбылося, калі юнак вучыўся на трэцім курсе, а яна толькі стала студэнткай.

— Як гэта звычайна і бывае, упершыню з Андрэем мы сустрэліся на дыскатэцы, — успамінае Марына. — Я стаяла каля акна, потым убачыла, што незнаёмы юнак набліжаецца да мяне. Ён ветліва запрасіў на павольны танец. Потым мы разам яшчэ доўга размаўлялі пра нешта. Штосьці ў ім было, што вылучала ад іншых юнакоў, якія тады былі на вечары адпачынку. Цяпер я нават не магу і растлумачыць. Але Андрэй мне вельмі спадабаўся, праводзіў да інтэрната, пра наступную сустрэчу мы не дамаўляліся.

Неяк выпадкова ён убачыў мяне на ўніверсітэцкім стадыёне, назіраў за мной. Неўзабаве пачаліся сустрэчы, завязалася сяброўства, якое перарасло ва ўзаемнае каханне. Сустракаліся мы два гады, а потым, калі Андрэй скончыў універсітэт і зрабіў мне прапанову рукі і сэрца, я, вядома, дала сваю згоду.

Нібы другая радзіма

Вяселле маладыя згулялі ў Шаркаўшчыне. Тут жа і пачалі жыць разам з бацькамі Андрэя. Ён працаўладкаваўся ў пажарную аварыйна-выратавальную часць райцэнтра, а маладой жонцы яшчэ трэба было закончыць чацвёрты і пяты курсы ўніверсітэта.

— Калі ўпершыню трапіла ў Шаркаўшчыну, адразу ўбачыла вялікія адрозненні ў параўнанні з маёй малой радзімай, — кажа Марына Пятроўна. — У першую чаргу мяне вельмі ўразіла прырода: лясы, лугі, рака Дзісна. Як чалавек творчы, адразу зразумела, што гэтыя маляўнічыя мясціны будуць спрыяць напісанню пейзажаў, замалёвак.

З гэтым нельга не пагадзіцца. За той час, як Марына Пятроўна стала жыць у Шаркаўшчыне, яна напісала не адзін дзясятак прыгожых карцін, на якіх адлюстравана хараство мясцовай прыроды, веліч храмаў, іншых архітэктурных збудаванняў.

Прафесія сапраўдных мужчын

Прафесія выратавальніка-пажарнага заўсёды была і застаецца паважанай у грамадстве. Тут няма выпадковых людзей. Больш за шэсць год знаходзіцца на заслужаным адпачынку былы начальнік каравула ПАВЧ № 1 Андрэй Ліпскі, які працоўную частку свайго жыцця прысвяціў справе выратавальніка-пажарнага.

— Пачынаў я сваю службу з пасады камандзіра аддзялення асобнага паста ваенізаванай пажарнай службы в. Лужкі, — успамінае Андрэй. — Пасля з’яўляўся начальнікам каравула, намеснікам начальніка па рабоце з асабовым складам. Я ніколі не пашкадаваў, што аднойчы стаў выратавальнікам-пажарным. Нават цяпер, калі б надарылася магчымасць зноў пачынаць працоўны шлях, я пайшоў бы зноў у Шаркаўшчынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Бо гэта — мой лёс, маё жыццё.

Але Андрэй Міхайлавіч не сядзіць дома без справы. Ён ужо на працягу некалькіх год у якасці індывідуальнага прадпрымальніка займаецца добраўпарадкаваннем месцаў пахавання. Паслугі яго заўсёды запатрабаваны ў насельніцтва. А яшчэ займаецца хатняй гаспадаркай, даглядае сядзібу: высаджвае зялёныя насаджэнні, кветкі, стварае малыя архітэктурныя формы. У вольны час з ахвотай рыбачыць, ходзіць на паляванне. Калі праходзяць раённыя спартыўныя спаборніцтвы, то заўсёды прымае ў іх актыўны ўдзел. І не проста выступае, а займае прызавыя месцы.

Не ўяўляе сябе без мастацтва

Пасля заканчэння ўніверсітэта Марына Пятроўна спачатку працавала ў Доме піянераў гарадскога пасёлка, вяла тут дзіцячы мастацкі гурток. Так у далейшым склаўся лёс, што яна пазнаёмілася з былым дырэктарам дзіцячай школы мастацтваў Іванам Курто. Іван Казіміравіч убачыў у гэтай жанчыне выдатнага спецыяліста. У свой час Марына Пятроўна атрымала дыпломы з «адзнакай» пасля заканчэння Бабруйскага мастацкага вучылішча і Віцебскага дзяржуніверсітэта. Таму ў хуткім часе яна стала выкладаць у ДШМ прадмет «гісторыя мастацтва», а потым стала выкладчыкам мастацкага аддзялення.

— Ужо 27 год я працую ў Шаркаўшчынскай ДШМ, — працягвае Марына Пятроўна. — Дзясяткі таленавітых юнакоў і дзяўчат за гэты час авалодалі навыкамі малявання, стварэння карцін. Сярод іх трэба назваць шаркаўчан Маргарыту Аніська, Іллю Арлюкевіча, Арыну Рахоўскую, Яну Смірнову і шмат іншых, хто знайшоў сябе ў мастацтве.

Надзейная і моцная сям’я

У сям’і Андрэй і Марыны Ліпскіх нарадзіліся сын Ілля і дачка Юлія. Дзеці ўжо абралі свой самастойны жыццёвы шлях. Ілля пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта жыве ў Мінску, працуе перакладчыкам у прыватнай фірме. Юлія ў хуткім часе закончыць інстытут сучасных ведаў імя Шырокава, стане культуролагам-менеджэрам. Разам яны часта наведваюць родных людзей у горадзе Беразіно, разам адпачываюць. Безумоўна, Андрэй і Марына Ліпскія з’яўляюцца прыкладам для іншых сем’яў, дзе любяць, паважаюць і давяраюць адно аднаму, клапоцяцца пра заўтрашні дзень сваіх дзяцей.

Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.