З году ў год дабіваецца высокіх ураджаяў ААТ “Даватарскі”

Сельское хозяйство

Юрый Геронцьевіч Ардынскі — мінулагодні пераможца раённага спаборніцтва на жніве

Як вядома, эфектыўнасць раслінаводчай галіны ацэньваецца па ўраджайнасці сельгаскультур, а значыць і валавых намалотах. Сярод тых, хто з году ў год дабіваецца высокіх ураджаяў — ААТ “Даватарскі”. Тутэйшыя хлебаробы намераны і сёлета не здаваць пазіцый, бо на палях даспявае добрая збажына.

У гаспадарцы зерневыя і зернебабовыя культуры былі размешчаны на плошчы 1825 гектараў. Чаму былі? А справа ў тым, што на мінулым тыдні распачалі ўборку азімай пшаніцы і аўса на менш урадлівых участках. У гэты час на насенных наліваецца колас і становіцца больш важкім. На 31 ліпеня ў сельгаспрадпрыемстве было скошана і абмалочана 355 гектараў збажыны пры ўраджайнасці 31 цэнтнер на круг. У гэты дзень мы сустрэліся з камбайнерамі, якія шчыравалі на пшанічным полі ў аддзяленні Сасноўцы. Вопытны тэхнолаг палёў Павел Паўлавіч Яфімаў умела размеркаваў палі для ўборкі паміж камбайнерамі. Атрымліваецца так, што на кожным загоне ўбіраюць па два камбайны. За імі замацаваны па дзве аўтамашыны для адвозкі намалочанага. Якраз засталі той момант у полі, калі камбайнеры  Віктар Курыловіч і Юрый Ардынскі напоўнілі бункеры камбайнаў свежым намалотам. Доўга не давялося чакаць аўтатранспарту. Тут жа пад’ехаў на аўтамашыне МАЗ-555 з прычэпам Пётр Навічонак. Пакуль збожжа сыпалася ў кузаў аўтамашыны, пагутарылі з работнікамі ўборачнай кампаніі. Як стала вядома, Віктар Курыловіч працуе вадзіцелем у індывідуальнага прадпрымальніка В. П. Хацько і ўжо другі сезон у час уборкі ўраджаю садзіцца за штурвал камбайна КЗС-10 і дапамагае мясцовай гаспадарцы. А Юрый Ардынскі — перадавы механізатар сельгаспрадпрыемства. Асабліва ён вызначаецца на ўборцы зерневых культур і рапса. Напрыклад, летась Юрый Геронцьевіч на камбайне КЗС-12 толькі збажыны намалаціў 1224 тоны, а яшчэ ж быў і рапс, і заняў першае месца ў працоўным спаборніцтве сярод камбайнераў раёна.

— Убіраем пакуль горшыя ўчасткі, — прызналіся механізатары. — Калі пяройдзем на больш ураджайныя, то і намалоты ўзрастуць. Пры спрыяльным надвор’і і добра адладжанай рабоце ўсяго ўборачнага канвеера, нават на небагатых палях намалочваем за светлавы дзень да 10 бункераў, а ў кожным па 5—6 тон.

Дарэчы, вадзіцель Пётр Навічонак таксама спраўна? працуе. Толькі ад камбайнаў ён перавёз 274 тоны збожжа. А даводзіцца і на вытворчы ўчастак адвезці прадукцыю, і ў Глыбокае рэйсы зрабіць, пакуль раса ўтрымліваецца на каласках у полі, і камбайны зранку не працуюць.

…Ішлі камбайны па хлебнай ніве. Следам здрабнялася абмалочаная салома. На гэтым полі, пасля ўнясення азотнага ўдабрэння і гліфасатаў супраць пырніка, будзе ўзарана глеба пад азімыя новага ўраджаю.

Пачатак уборачнай кампаніі пакладзены. Пры спрыяльных умовах надвор’я, як цяпер, збажына даспявае хутка. А за камбайнерамі справа не стане.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.

сыплецца ў кузаў аўтамашыны Пятра Навіцкага спелая пшаніца
механізатар Віктар Курыловіч


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *