Пра дзейнасць Іёдскай бібліятэкі расказвае бібліятэкар Галіна Яблонская

Актуальное

на пасяджэнні клуба «Цёплыя сустрэчы»

— Як бібліятэкар, сваю першачарговую задачу бачу ў тым, каб данесці кнігу да людзей, абудзіць радасць чытання, зрабіць так, каб кніга стала верным спадарожнікам у жыцці чытачоў.

Але мяне, як і многіх маіх калег, трывожыць пытанне аб зніжэнні цікавасці да чытання, асабліва сярод малодшага пакалення. Настаў той час, калі трэба прыкласці намаганні, каб адрадзіць былы прэстыж чытання і захаваць станоўчы імідж бібліятэкі. А галоўнае прызначэнне мяне, бібліятэкара, — выхаваць і зберагчы чытача, для якога кніга будзе вечным спадарожнікам па жыцці. І асабліва гэта адносіцца да дзяцей, бо стартавая пляцоўка чытача закладваецца ў маленстве.

Таму значную ўвагу ў сваёй рабоце ўдзяляю прапагандзе кнігі і чытання сярод дзяцей і падлеткаў. Усе мерапрыемствы, якія праходзяць у бібліятэцы, звязаны з кнігай. Дзеці, якія адпачывалі ў летнім лагеры Іёдскай ДС—СШ, прыходзілі ў бібліятэку на мерапрыемствы  “Каб жыла кніга, каб не зніклі веды”. Адбылася гутарка каля кніжнай выставы “Гасціннасць — нацыянальная рыса беларусаў”. Літаратурная гадзіна да 90-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава “Служыў праўдзе і чалавеку”, конкурс-гульня “Кніжнае дрэва”.

Кожны год бібліятэка распрацоўвае праграму работы на час летніх канікулаў. І на гэты раз адбылася экскурсія з дзецьмі. Пабывалі на тых месцах, дзе ў час вайны нямецка-фашысцкія акупанты спалілі вёскі Журавоўшчыну, Кушталі і іншыя. Вельмі шмат дзяцей з гарадоў прыязджае да сваіх бабуль у вёску. І ўсе яны наведваюць бібліятэку і становяцца актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў. Гэта Караліна і Уладзік Падоба, Таня Ласіца, Дзяніс Лянкевіч, Мілана Бань, Вова Красільшчык, Павел Грышкавец, Аліна Шапяцько і Ліза Гернат.

каля абеліска ў вёсцы Лонскія

Адбылося чарговае пасяджэнне клуба “Цёплыя сустрэчы”, які наведваюць людзі пажылога ўзросту. Тэматыка сустрэч розная. На гэты раз ішла гаворка, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі. Марыя Пурвін, Марта Пупіна, Варвара Даргель, Галіна Пучынская дзяліліся ўспамінамі аб вайне. Спявалі песні ваенных гадоў М. Пурвін і М. Даргель, а потым Лілія Міхайлаўна Цітовіч расказала аб сваім захапленні — вышыўцы крыжыкам. У бібліятэцы была арганізавана выстава-экспазіцыя “Умелыя рукі нашых чытачоў”. Затым ішла размова пра кнігі. Актыўны ўдзел у размове прынялі В. Кірылава, Л. Шапавал, Ж. Цітовіч, А. Падоба, А. Вялічка. Нездарма дэвізам клуба сталі наступныя словы:

“Любоў да кнігі нас яднае,

Не лічым мы свае гады.

Калі хто ў клуб наш завітае —

Ён звяжа лёс свой назаўжды”.

Падрыхтавала Кацярына СОСНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *