
27 і 28 верасня ў Гарадку прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2014”. Ужо зранку ў суботу здавалася, што ўсе хмары згусціліся над Гарадком. Затым пайшоў спорны дождж, але гэта не стала перашкодай для правядзення такога масавага фестывалю-кірмашу. Прыбывалі дэлегацыі з кожнага раёна вобласці — героі ўборачнай кампаніі 2014, якія імкнуліся паказаць свой раён з лепшага боку і паўдзельнічаць у свяце.
Цэнтр горада стаў адной пешаходнай зонай, на галоўнай вуліцы і на плошчы імя Леніна ўся ўвага была звернута на працаўнікоў сяла, усіх тых, хто прымаў удзел ва ўборцы рэкорднага для вобласці ўраджаю (1 мільён 300 тысяч тон).
Свята пачалося з урачыстага шэсця. У агульнай калоне, дзе ішлі прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці, была і дэлегацыя з нашага раёна. Па-асабліваму гарэлі вочы хлебаробаў, якім выдаўся гонар за сваю працу быць удзельнікам такога вялікага форуму. А ўзначальвалі нашу дэлегацыю старшыня раённага выканаўчага камітэта М. І. Баговіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў У. С. Шпец, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Д. М. Ламака, намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Л. У. Стома, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Г. П. Буйка.
Запрошаны былі дырэктары ўсіх гаспадарак раёна, акрамя таго галоўны аграном ААТ “Жвіранка” А. М. Заляціла, ветэраны аграпрамысловага комплексу П. Ф. Пальчэх і П. П. Чабатаронак, камбайнеры М. Л. Цішаловіч (ААТ “Юдыцына”), В. А. Хаданёнак (ААТ “Княж”), М. С. Шук (ААТ “Агратэхсэрвіс”), М. М. Сівіцкі (ААТ “Даватарскі”), П. К. Бездзель (ААТ “Жвіранка”), А. Р. Морхат (КУВСП “Гарадзец”), А. І. Малыш (ААТ “Ельня-Агра”), А. А. Руткоўскі (КУВСП імя Маркава), В. В. Лаўрыновіч, вадзіцель ААТ “Буеўшчына”.
Трэба азначыць, што і хлебаробы нашага раёна ўнеслі свой уклад у агульныя дасягненні вобласці. Па раёне валавы збор зерня склаў 38, 4 тыячы тон пры ўраджайнасці 23 цэнтнеры з гектара.
У трынаццаць гадзін на галоўнай фестывальнай пляцоўцы ўсіх прысутных прывітаў старшыня Віцебскага аблвыканкама А. М. Косінец. Аляксандр Мікалаевіч павіншаваў хлебаробаў вобласці з сабраным багатым ураджаем, уручыў грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі пераможцам спаборніцтва на сёлетнім жніве.
Лепшыя самадзейныя артысты Шаркаўшчыны прынялі ўдзел у тэатралізаваным свяце брэндаў раёнаў і гарадоў вобласці. Нашы работнікі культуры прадставілі на суд гледачоў пастаноўку “Яблычны водар”, у якой змаглі адлюстраваць турыстычную інфраструктуру Шаркаўшчынскага раёна. Народныя майстры раённага Цэнтра рамёстваў прапаноўвалі ўдзельнікам і гасцям свята свае вырабы.
Пра работу раённай газеты “Кліч Радзімы” любы жадаючы мог даведацца з прадстаўленай экспазіцыі, якую арганізавалі супрацоўнікі нашага перыядычнага выдання ў рамках праведзенага абласнога медыяфоруму “Рэпартаж са жніўнага поля”. Пра тое, як адлюстроўваецца жыццё вясковых хлебаробаў Шаркаўшчыны ў прэсе, наведвальнікі экспазіцыі маглі ўласна ўбачыць, пагартаўшы экземпляры газетных нумароў, паглядзець стэнд з каляровымі фотаздымкамі. Тут жа дэманстравалася кніжная выстава ўдзельнікаў народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Сваё захапленне вышыўкай стужкамі і зробленымі карцінамі прадэманстравала загадчык сельгасаддзела рэдакцыі Кацярына Мар’янаўна Сосна. Многія з радасцю набывалі прапанаваныя мастацкія вырабы і кніжныя зборнікі “світанкаўцаў”.
На цэнтральнай вуліцы Гарадка гасцінна запрашаў да сябе падворак Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства, на якім пакупнікам прапаноўвалі шырокі выбар харчовай прадукцыі нашага раёна.
Фестывальныя мерапрыемствы, якія праходзілі на цэнтральных вуліцах Гарадка, на плошчах, у парках і скверах, задавальнялі густ кожнага, хто прыняў удзел у свяце. Працавалі выставы з прадстаўленай новай сельскагаспадарчай тэхнікай айчыннай і расійскай вытворчасці, выставы-прэзентацыі творчасці навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці, а таксама сельскіх Саветаў, гаспадарак і прадпрыемстваў Гарадоцкага раёна. Захапляльнымі конкурсамі і відовішчамі запрашалі да сябе гледачоў спартыўна-забаўляльныя гульні, эстафеты, паказальныя выступленні супрацоўнікаў Гарадоцкага РАНС. Творчыя людзі з цікавасцю наведвалі літаратурную пляцоўку “Край мар маіх і думак светлых — мая Радзіма Беларусь!” і абласную кніжную выставу пісьменнікаў Віцебшчыны. Дэгустацыю ўласнай прадукцыі праводзілі ААТ “Мясамалпрам”, кандытарскі камбінат “Віцьба”, гарадоцкая птушкафабрыка і іншыя прадпрыемствы. Завяршылася ўрачыстасць святочным салютам, які рознакаляровымі агнямі ўзняўся над вечаровым небам Гарадка.
Форум, які сабраў вялікае мноства перадавікоў сельгасвытворчасці, лепшыя гандлёвыя прадпрыемствы, установы культуры, адукацыі, спорту і іншыя, пакінуў яркія і незыбыўныя ўспаміны аб абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі-2014” у Гарадку.
Тэкст Кацярыны СОСНА і Сяргея РАЙЧОНКА.
Фота Сяргея РАЙЧОНКА.









