Практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы маюць сучасныя збожжасушыльныя комплексы айчыннай вытворчасці. Сёмы сезон бесперабойна працуе адзін з такіх (КЗСВ-30) і ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Даватарскі”. Яго тэхнічныя магутнасці дазваляюць хутка і якасна праводзіць працэс ачысткі і сушкі вялікіх аб’ёмаў збожжа — да трыццаці тон у гадзіну.
— У суткі на наш комплекс з палёў прывозяць прыкладна 500-600 тон зерня, — кажа аператар Павел Арлоў. — Вільготнасць яго невысокая — каля пятнаццаці працэнтаў, а на выхадзе — 13,5. Сам комплекс складаецца з прыёмнага каўша, зерне ў які загружаецца з дапамогай “Амкадора”, транспарцёра, норый, машын папярэдняй і пярвічнай ачысткі, у якія ўсталяваны бункер для збору адходаў, зернесушылкі з цеплагенератарам на газавым паліве. Маюцца экспедыцыйны бункер і некалькі бункераў для захоўвання збожжа і буфернага сіласу. Усё гэта дзейнічае з дапамогай аўтаматызаванай камп’ютарнай сістэмы ўпраўлення і кантролю за аб’ектамі комплексу.
У пары са мной працуе памочнік Іван Коласаў. Праз суткі нас змяняюць Іван Атрашкевіч і Дзмітрый Кавалёў. Усе маюць адпаведнае пасведчанне аб допуску да працы на комплексе. Збоеў у рабоце збожжасушылкі няма, нягледзячы на тое, што працуе комплекс кругласутачна.
Пакуль Павел расказваў нам пра работу збожжасушылкі, адзін за адным прывозілі зерне ад камбайнаў грузавыя аўтамабілі. Пад разгрузку паставілі свае ЗІЛ-130 і МАЗ адны з лепшых вадзіцеляў гаспадаркі Валерый Булан і Пётр Навічонак. Залацістай хваляй з адкрытых кузавоў самазвалаў пасыпалася збожжа на пляцоўку, каб затым, пасля перапрацоўкі, трапіць духмяным боханам хлеба на стол.
Сяргей РАЙЧОНАК.