Членаў самай масавай грамадскай арганізацыі нашай краіны, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, заўсёды вылучаюць творчасць, актыўнасць і ініцыятыўнасць. У гэтым у чарговы раз можна было ўпэўніцца 15 сакавіка, калі на базе Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2 прайшоў конкурс на лепшага лідара пярвічнай арганізацыі “Лідар — новае пакаленне”.
Вядучыя праграмы, а ў іх ролі выступілі вучні СШ № 1 гарпасёлка Лізавета Зорына і Макар Пундзіс, прадставілі гледачам канкурсантаў. Імі сталі Павел Сташкевіч (СШ № 2), Юлія Гірстун (СШ № 1), Дар’я Цярэнцьева (Іёдская ДС-СШ), Карына Мядзелец (Германавіцкая СШ) і Аксана Шуман (Лужкаўская СШ).
У першым конкурсным этапе “Мая грамадзянская пазіцыя” трэба было як мага ярчэй адлюстраваць свае творчыя здольнасці, захапленні, свой асабісты ўклад у жыццё школьнай пярвічнай арганізацыі БРСМ. Дарэчы, па ўмовах конкурсу журы не ставіла балы ўдзельнікам на прамежкавых этапах, каб як мага болей заінтрыгаваць гледачоў, а ў першую чаргу, саміх “лідараў” і каманды іх падтрымкі. Другі этап — інтэрактыўная гульня “Дэбаты”. Канкурсанты на працягу адной хвіліны са сцэны вялі маналог-разважанне на тэму “захоўваем традыцыі, жывём сучаснасцю”. А на завяршальным і, напэўна, самым цікавым этапе “Дуэт лідараў”, бо падчас яго бурна апладзіравалі прысутныя гледачы, удзельнікі выступалі разам са сваімі настаўнікамі. Тут з іншага боку паказалі сябе педагогі. Яны з гумарам, артыстызмам і акцёрскім запалам дапамагалі сваім падапечным дастойна вытрымаць конкурсны этап і атрымаць перамогу ў спаборніцтве.
Пасля доўгага абмеркавання журы вызначыла пераможца конкурсу “Лідар — новае пакаленне”. Ім стаў Павел Сташкевіч. У дадзеным выпадку вельмі дарэчы будзе сказаць, што сцены роднай школы дапамаглі яе вучню стаць “лідарам”. На другім месцы — Карына Мядзелец, на трэцім — Дар’я Цярэнцьева. Дыпломы за актыўны ўдзел у конкурсе атрымалі Аксана Шуман і Юлія Гірстун.
Рэгіянальны этап конкурсу “Лідар — новае пакаленне” адбудзецца 24 сакавіка ў Паставах. Ад нашага раёна ўдзел у ім прымуць Павел Сташкевіч і Карына Мядзелец. Пажадаем маладзёжным лідарам нашага раёна ўдалага выступлення і перамогі!
Сяргей РАЙЧОНАК.

























