Восеньскае свята хлебароба. Яшчэ раз пра святкаванне «Дажынак» у Шаркаўшчыне

Сельское хозяйство

сельгасгаспадарчая тэхніка раённых гаспадарак

Практычна завершаны на палях сельскагаспадарчыя работы. Убрана і, можна сказаць, без страт, усё вырашчанае. Працягваецца ўздым зябліва. Хутка зямля будзе адпачываць пад снежным покрывам. Усе даброты на зямлі ствараюць людзі, якія на ёй працуюць. А пасля стараннай працы патрэбна і адпачыць, атрымаць узнагароду.
Яшчэ не сцёрліся з памяці раённыя “Дажынкі”, якія праходзілі сёлета своеасабліва, на высокім уздыме, не па звыкламу сцэнарыю. Пра гэта ў раённай газеце быў фотарэпартаж. Але хочацца выказаць і свае ўражанні.
На плошчы каля цэнтральнага рынка быў арганізаваны продаж сельгаспрадукцыі. Выконвалі вяскоўцы пажаданні тых гараджан, якія не забяспечылі сябе неабходнымі прадуктамі і таварамі на папярэдніх кірмашах. Стаялі аўтамашыны, упрыгожаныя восеньскімі кветкамі. Прадавалася сельгаспрадпрыемствамі фуражнае зерне. Раскупілі яго 16,4 тоны. Менш ахвотна бралі бульбу і гародніну. Значыць, вырасцілі гараджане на сваіх дачных або прысядзібных участках патрэбную колькасць. А ААТ “Агратэхсэрвіс” прапаноўвалі пакупнікам металічныя вырабы, якія патрэбны ў хатняй гаспадарцы. Выручка ў той дзень па раёне склала каля 15 мільёнаў рублёў.

перадавы механізатар ААТ "Даватарскі" П. М. Чарняўскі

Прыемна былі здзіўлены людзі, якія прыйшлі на “Дажынкі”, калі ўбачылі на плошчы ля раённай гасцініцы чыста вымытую, як новенькую тэхніку, якая была задзейнічана на выкананні работ у полі. Выстаўлены ў рад на паказ зернеўборачныя камбайны новага пакалення з камп’ютарамі тыпу КЗС-1218 (дарэчы, іх 25 у раёне, што складае чацвёртую частку ад наяўных), кормаўборачныя — КВК-800, і трактары — магутныя МТЗ-320, МТЗ-3022 з абаротным плугам ППО-800, МТЗ-2522 з плугам ППО-440, высокі пагрузчык “Амкадор-342”, МТЗ-82 са здрабляльнікам галінак на шчэпкі “Тыгр”, МТЗ-82 з прычэпам, своеасаблівыя агрэгаты “Раса” з навігацыяй і іншае. Ветэраны-механізатары толькі здзіўляліся, гледзячы на такія “махіны”. А вучні старэйшых класаў СШ № 1 і № 2, якія прыйшлі разам з настаўнікамі спецыяльна, каб пацікавіцца сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікай, залазілі ў кабіны, нават спрабавалі памацаць рычагі кіравання пад наглядам механізатараў, якія на ёй працавалі. Хто ведае, можа хтосьці пасля школы і зойме іх месца ў кабіне такой тэхнікі?
Для гасцей свята гучалі музыка і песні, якія даносіліся ад раённага Дома культуры, і яны накіроўваліся туды. Там усе сельскія Саветы і сярэднія школы гарпасёлка арганізавалі свае падвор’і. Чаго там толькі ні было!
А ў глядзельнай зале Дома культуры ішла ўрачыстасць па ўзнагароджванню перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці. Іх можна было адрозніць сярод прысутных у зале. Пастараліся работнікі раённага аддзела культуры і камбіната бытавога абслугоўвання. Перадавікам былі павязаны на шыю памятныя касынкі ў колер нашага раённага сцяга і прышпілены на лацканы пінжакоў мядалькі, зробленыя з саломкі. Пад апладысменты прысутных заходзілі яны на сцэну і атрымлівалі ўзнагароды з рук старшыні райвыканкама Мечыслава Віктаравіча Морхата, які, дарэчы, сказаў, адкрываючы свята, што яно — усіх жыхароў раёна, для якіх сельскагаспадарчая вытворчасць — агульны клопат і аснова асноў! Па ўсім гэта бачна было.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *