Успамін пра свята. Навагодні ранішнік ў раённым Доме культуры

Актуальное

на свяце кожны малыш атрымаў падарунак ад Дзеда Мароза

Новы год — адно з самых любімых дзіцячых святаў. І менавіта ў гэты перыяд дарослыя асабліва імкнуцца парадаваць малышоў, зрабіць усё залежнае, каб самыя запаветныя мары хлопчыкаў і дзяўчынак ажыццявіліся. Вось і арганізатары дабрачыннага навагодняга ранішніка, у ролі якіх выступілі аддзелы адукацыі і культуры райвыканкама, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запрасілі дзяцей на свята — радаснае, прыгожае і па-навагодняму казачнае.
У раённы Дом культуры 29 снежня разам са сваімі бацькамі, выхавальнікамі і педагогамі завіталі дзеці-сіроты, інваліды, выхаванцы сацыяльнага прытулка і ўсе тыя, хто ў выніку розных жыццёвых абставін застаўся без бацькоўскай апекі. У нашым раёне такіх дзяцей 85 чалавек.
Напачатку святочнай праграмы хлопчыкі і дзяўчынкі паглядзелі навагодняе прадстаўленне, падрыхтаванае артыстамі раённага Дома культуры. Потым свята працягвалася ля навагодняй прыгажуні-ёлкі, дзе ў суправаджэнні казачных персанажаў, Дзеда Мароза і Снягурачкі (у ролі якіх выдатна выступілі Вераніка Сяткоўская, Улад Алешчанка, Сяргей Цыунчык і Марыя Рабіза) дзеці расказвалі вершы, вадзілі карагоды, спявалі песні, танцавалі і весяліліся.
Адным з самых прыемных момантаў ранішніка для дзяцей стала атрыманне падарункаў ад раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў. Ад імя райвыканкама і сябе асабіста найлепшыя пажаданні маленькім жыхарам раёна і іх бацькам адрасавала намеснік начальніка аддзела адукацыі Кацярына Рыгораўна Міхнёнак. Напрыканцы святочнай праграмы для дзяцей быў арганізаваны салодкі стол.
Варта адзначыць, што ніхто ў гэты дзень не застаўся без належнай увагі. Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадстаўнікі школ і сельскіх выканаўчых камітэтаў паклапаціліся пра тое, каб навагоднія падарункі своечасова атрымалі ўсе, хто быў запрошаны на свята, у тым ліку хлопчыкі і дзяўчынкі, якія не прысутнічалі ў РДК ў гэты дзень. Дзед Мароз і Снягурачка наведалі такіх малышоў па месцапражыванню.
Арганізаваць дабрачыннае мерапрыемства на належным узроўні дапамаглі і многія прадпрымальнікі гарадскога пасёлка. У іх ліку Васса Фёдараўна Салак, Уладзімір Паўлавіч Хацько, Міхаіл Паўлавіч Лаўрычонак і Вячаслаў Адамавіч Гінько. Прыгожыя сувеніры і салодкія пачастункі ад гэтых людзей  вельмі парадавалі маленькіх наведвальнікаў свята.

вясёлы карагод ля навагодняй ёлкі

З верай у самае лепшае дзеці кружыліся ў карагодзе з Дзедам Марозам і Снягурачкай і загадвалі жаданні ля навагодняй ёлкі. У большасці гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак жыццё не было простым. Некаторым пашанцавала больш — прыёмныя бацькі сталі для іх роднымі людзьмі. Але ёсць і такія, хто ў прытулку для непаўналетніх па-ранейшаму чакае тату і маму.
Няхай ў наступіўшым 2012 годзе ажыццяўляюцца ўсе дзіцячыя мары.
Узняць малышам настрой напярэдадні Новага года пастараліся і работнікі раённага Дома культуры. Шаркаўшчынскія артысты наведалі многія дашкольныя установы і прадэманстравалі дзецям казачныя тэатралізаваныя пастаноўкі. Вялікую колькасць цікавых мерапрыемстваў маленькія гледачы ўбачылі на сцэне раённага і сельскіх Дамоў культуры.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *