Кожны пагодны дзень выкарыстоўваюць па максімуме падчас пасяўной кампаніі ў ААТ «Жвіранка»

Сельское хозяйство

Вядзецца сяўба рапсу
Вядзецца сяўба рапсу

Сёлетняя вельмі супярэчлівая вясна ўносіць вялікія карэктывы ў працу вясковых сейбітаў. На календары першая дэкада мая, а веснавыя палявыя работы ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна яшчэ толькі набліжаюцца да свайго экватара. Рэдкія цёплыя і пагодныя дні спецыялісты і механізатары гаспадарак стараюцца выкарыстаць, каб своечасова загарнуць насенне ў глебу. Такой жа практыкі прытрымліваюцца і ў ААТ “Жвіранка”, на палетках якога мы пабывалі 5 мая.

Каля вёскі Казакі вяліся работы па культывацыі глебы і сяўбе рапсу на полі плошчай 60 гектараў. Чатыры адзінкі тэхнікі з культыватарамі КЧ і АКШ рыхлілі глебу. Услед за імі сяўба вялася шыроказахопным агрэгатам. На ўскрайку поля стаяў “Кіравец” з чызелем. У механізатара Андрэя Баравіка здарылася ненаўмысная і несвоечасовая паломка — прабілася кола. Па тэлефонным званку ў хуткім часе яму прывезлі з мехмайстэрні новае. Разам з галоўным інжынерам гаспадаркі Уладзімірам Бучынскім і яшчэ некалькімі механізатарамі старое кола замянілі, каб, не губляючы многа часу, зноў рушыць у поле на апрацоўку глебы.

механізатар Андрэй Баравік
механізатар Андрэй Баравік

— Трактар выдатны па сваіх тэхнічных характарыстыках, — кажа механізатар Андрэй Баравік. — Працую на ім ўжо дзясяты сезон, асаблівых праблем з “Кіраўцам” няма. Ні ў чым ён не саступае сучасным энерганасычаным трактарам.

Тым часам, на поле прыехаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Анатолій Заляціла, які нам паведаміў пра асноўныя планы сёлетняй пасяўной кампаніі ў гаспадарцы.

— Восенню мы змаглі падняць зябліва на плошчы больш 700 га, — паведаміў нам галоўны тэхнолаг палёў, — але гэтага недастаткова, таму на сённяшні дзень створаны мехатрад з пяці трактароў, які займаецца ўзорваннем глебы, а правесці гэты від работы трэба на плошчы амаль 1400 га. Аператыўна вядзецца культывацыя. Сёлетняй вясной нават на нашых пясчаных глебах дужа цяжка рухаецца тэхніка. На пераувільготненай глебе буксуюць трактары, вязнуць пасяўныя агрэгаты. Стараемся кожны пагодны дзень выкарыстаць па максімуме. Механізатары працуюць з 6 гадзін раніцы і да 10 гадзін вечара. Палявыя работы вядуцца ва ўсіх трох аддзяленнях гаспадаркі. Паралельна на чатырох пасяўных агрэгатах вядзём сяўбу яравых культур, бо вясна нас прыспешвае і працаваць прыходзіцца насуперак надвор’ю.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *