Сёлетні год юныя выхаванцы Шаркаўшчынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пачалі з новых стартаў. І першы з іх стаў паспяховым. Аб гэтым расказвае чытачам кіраўнік ДЮСШ Н. АРЭШКАВА.
— 10—12 лютага праводзілася чарговае першынство Віцебскай вобласці па лёгкай атлетыцы. Удзел у ім прымалі юнакі і дзяўчаты 1997—1998 гадоў нараджэння. Зборная раёна была сфарміравана на базе Германавіцкай і Лужкаўскай сярэдніх школ. Узначальваў каманду трэнер-выкладчык Мікалай Ляўшыцкі.
Гонар нашага раёна абаранялі Дзяніс Салавей, Васіль Кашэль, Дзіяна Шах, Аляксей Крыўко, Арцём Клімза. Кожны з іх прынёс камандзе заліковыя ачкі, што дазволіла заняць у агульным заліку ганаровае чацвёртае месца. Нагадаю, што змагацца давялося з прадстаўнікамі 16 раёнаў вобласці.
Цяпер аб выступленнях юных па-асобку. Тры з іх, Дзяніс Салавей, Дзіяна Шах і Арцём Клімза, выступалі на любімых дыстанцыях па спартыўнай хадзьбе на два і тры кіламетры. Бясспрэчным лідарам тут быў Арцём Клімза. Упэўнена запісаў на свой рахунак два першыя месцы. Пачын Арцёма як магла падтрымлівала Дзіяна. На трохкіламетровай дыстанцыі яна была другой і трэцяй на больш кароткай, двухкіламетровай. Стабільна выступіў Дзяніс. Два пятыя месцы. Здорава!
Прыемна глядзець на выступленне Аляксея Крыўко. У сектары па штурханні ядра трымаўся ўпэўнена і паказаў дастойны вынік — ядро прызямлілася за адметкай у 10 метраў, што дазволіла заняць пятае месца.
Напружана праходзілі забегі на бегавой дарожцы, дзе на дыстанцыях у 800 і 1500 метраў гонар раёна абараняў Васілій Кашэль. 5—7 месцы для яго несумненны поспех сярод лепшых аднагодкаў вобласці.
Неўзабаве будуць падведзены канчатковыя вынікі спартыўнай работы з юнымі легкаатлетамі за 2011 год, аб чым таксама паведамім чытачам “раёнкі”.
Падрыхтаваў Эдуард КОРСАК