Вера — гэта асабістае, што сыходзіць з глыбіні сэрца, прыняцце Божай любові. Яе мы прымаем ад тых, хто ўжо ўвераваў — ад бацькоў. Кожны, хто верыць і жыве згодна з ёй, сведчыць пра яе і перадае іншым. Супольна мы перажываем і вызнаем веру ў малітве, у літургіі, у сумеснай дзейнасці, што сыходзіць з веры.
14 верасня каталікі ўсяго свету адзначылі вялікае свята — Узвышэнне Святога Крыжа. Менавіта крыж з’яўляецца адным з галоўных сімвалаў хрысціянства. Ён спадарожнічае чалавеку на працягу ўсяго жыцця: вернікі носяць яго на сабе, робяць знак крыжа, узгадваючы пры гэтым імёны трох божых асоб, ставяць крыж на магіле памерлага. Паводле святога Яна Дамаскіна, крыжом Хрыста, і нічым іншым, пераможана смерць і падорана людзям уваскрашэнне.
У нашым касцёле ў гэты дзень адбылася святая Імша, напачатку якой ксёндз Крыштаф Сілкоўскі павіншаваў усіх парафіян і гасцей са святам і прывітаў святароў, што прысутнічалі на ўрачыстасці.
Парафіяльную ўрачыстасць у Шаркаўшчыну наведаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Урачыстая Імша распачалася ў 11 гадзін у запоўненым вернікамі касцёле быў цалкам.
На заканчэнне святой Імшы адбылося выстаўленне Святых Дароў і эўхарыстычная працэсія вакол святыні з гімнам праслаўлення “Пойдзем з вераю” і благаславеннем.
Затым усе святары і вернікі рушылі працэсіяй на месца, дзе калісьці быў пабудаваны, а затым знішчаны каталіцкі храм — каля сучаснага будынка Белаграпрамбанка.
— Год назад, — гаворыць ксёндз Крыштаф Сілкоўскі, — падчас святкавання юбілею нашага касцёла ў мяне з’явілася думка: пабудаваць на месцы, дзе калісьці быў знішчаны касцёл помнік. Вельмі мала цяпер засталося тых людзей, якія памятаюць той касцёл, які ўпрыгожваў Шаркаўшчыну да 1963 года. Можна разбурыць пабудаваны касцёл, але нельга разбурыць веру, якую мы атрымалі ад нашых продкаў.
Гісторыя шаркаўшчынскай парафіі пачынаецца з 16 стагоддзя, калі ў маёнтку Чырвоны Бор была пабудавана капліца, фундатарам якой быў Сапега. З 16 па 19 стагоддзе Шаркаўшчына з’яўлялася часткай парафіі ў Новым Пагосце. Дзякуючы намаганням кс. Пятра Валюшкіна і парафіян касцёл у мястэчку Старая Шаркаўшчына пачалі будаваць у 1902 годзе. Асвяцілі касцёл у 1907 годзе ў гонар Узвышэння Святога Крыжа. З гэтага часу пачынаецца гісторыя менавіта шаркаўшчынскай парафіі. Па ўспамінах мясцовых жыхароў касцёл быў 20 метраў у вышыню, 13 метраў у шырыню, 30 метраў у даўжыню. Святыню будавалі з дрэва, без цвікоў, яна мела тры вежы, дах пакрыты бляхай. Дзейнічаў касцёл да 1948 года. Потым быў зачынены савецкімі ўладамі. Нейкі час выкарыстоўваўся пад зернясховішча. У 1963 годзе храм быў знішчаны. Па словах аднаго з парафіянаў, толькі два трактары змаглі зрушыць касцёльныя вежы. Такой вось моцнай заставалася пабудова, прастаяўшы 60 год.
Сёння, дзякуючы Пану Богу, намаганням і ксяндза Крыштафа пры супрацоўніцтве з уладамі раёна, усім парафіянам, якія ўнеслі свой фінансавы ўклад, у прысутнасці ганаровага госця біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча быў адкрыты памятны знак як сімвал незнішчальнай памяці пра святыню і ўсіх тых, хто яе будаваў і маліўся ў ёй, праслаўляючы Бога.
Пасля асвячэння памятнага знака з прамовай выступіў біскуп.
Месца, дзе людзі маліліся Богу заўседы застаецца ў хрысціян святым, — сказаў ён, — і таму яно павінна быць ушанаванае. А гэты знак будзе нагадваць усім, што трэба жыць паводле веры і захоўваць памяць продкаў. Няхай Бог вас усіх благаслаўляе, Маці Божая атуляе сваёй любоўю і апекай, а Святы Дух нястомна адорвае неабходнай ласкай і дапамогай.
На ўрачыстасці таксама прысутнічаў Мікалай Латышонак, які памятае той касцёл. Менавіта ён разам з сябрамі захавалі дванаццатую Стацыю Крыжовага шляху з гэтага драўлянага храма, якая цяпер размешчана ў парафіяльнай святыні. Біскуп Алег і ксёндз Крыштаф выказалі падзяку спадару Мікалаю.
Пасля выканання гімна “Магутны Божа” вернікі накіраваліся ў касцёл.
Алена АНАНІЧ.