У ААТ «Юдыцына» ўбралі рапс, на чарзе — азімая пшаніца

Сельское хозяйство

як масла, цячэ з каўша “Амкадора” насенне рапсу

Да прыёмкі новага ўраджаю Васілій Мікалаевіч Ліпскі з ААТ “Юдыцына” рыхтуецца загадзя і дасканала. На гэта ў яго хапае часу. Асноўны занятак Ліпскага — падсобныя работы ў мясцовай школе. Як толькі пачынаюцца ў дзяцей канікулы, школа пусцее і са згоды дырэктара школы, прафесійны аператар зернесушылкі М — 819 накіроўваецца на дапамогу гаспадарцы.

В. М. Ліпскі каля зернесушылкі

Ужо 33 сезон Васілій Мікалаевіч займаецца такой важнай для гаспадаркі справай. Зернесушылцы, на якой вядзецца дапрацоўка намалочанага збожжа, ужо 23 гады, да гэтага часу яна працуе ў аўтаматычным рэжыме на пячным паліве і аператар можа ўстанаўніваць патрэбны тэмпературны рэжым для сушкі збожжа, якое пойдзе на харчовыя мэты і на насенне.
Цяпер работы на зернетаку вядуцца поўным ходам. Намалацілі 191 тону  насення рапсу са 100-гектарнай плошчы. Трэба яго прасушыць, прачысціць і адправіць на Глыбоцкі камбікормавы завод. Культура гэта прыбытковая і яе выгадна вырошчваць.
Сіноптыкі паабяцалі некалькі дзён без дажджоў, таму намалочанае зерне высыпалі прама на пляцоўку каля зернесушылкі. Падсоўвае “Амкадорам” насенне механізатар Генадзій Іваноў. Ужо гатовая прадукцыя па шнэку загружаецца ў аўтамашыну Сяргея Мароза для адвозкі на рэалізацыю. Тут жа на зернетаку праходзяць сваю вытворчую практыку навучэнец Відзаўскага прафтэхліцэя Дзяніс Пузырэўскі і мясцовы хлопец Дзяніс Лонскі. Нязменны машыніст зернятоку Ігар Кандрацьеў. Уборкай вырашчанага

механізатар Генадзій Іваноў

рапсу ў гаспадарцы займаліся камбайнеры Мікалай Цішаловіч на КЗР-10 і Пётр Сініца на КЗР-12.
Цяпер на чарзе азімая пшаніца. Яна ў сельгаспрадпрыемстве размешчана на плошчы 583 гектары. Біялагічная ўраджайнасць яе адпавядае 36 цэнтнерам з гектара. Да гэтых двух камбайнераў далучыцца і Аляксандр Баброўскі на КЗР-10. Аляксандр Пятровіч пры нарыхтоўцы кармоў працаваў на здрабняльніку зялёнай масы. На яго рахунку 4200 тон. Можна сказаць, што практычна адзін спраўляўся з такой задачай. У якасці заахвочвання перадавога работніка прафсаюзная арганізацыя гаспадаркі сумесна з кіраўніцтвам накіравалі яго на экскурсію ў горад Санкт-Пецярбург. З новымі ўраджаннямі, крыху адпачыўшы, Аляксандр Баброўскі сядзе за штурвал камбайна.
Не абмінула прыродная стыхія і тутэйшых хлебаробаў: ёсць шмат палегласці. На гэтыя ўчасткі давядзецца звярнуць больш увагі, з іх з дапамогай сцеблапад’ёмнікаў і будуць пачынаць уборку.
— Мы ў сваіх планах работ прадугледзелі і такую акалічнасць, — паведамляе галоўны эканаміст гаспадаркі Ала Міхайлаўна Латышонак. — На такіх участках заніжаны нормы выпрацоўкі. Для стараннай работы ў камбайнераў будзе добры матэрыяльны стымул.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *