Чалавек і яго справа: вадзіцель райветстанцыі Мікалай Савелаў

Сельское хозяйство

281 (Копировать)Мікалай Савелаў, які працуе вадзіцелям аўтамабіля ў раённай ветэрынарнай станцыі, ўсё сваё жыццё прысвяціў прафесіі шафёра.
Нарадзіўся ён у вёсцы Зямцы Станіславоўскага сельсавета. Адразу пасля заканчэння Слабадской сярэдняй школы Мікалай пайшоў працаваць памочнікам камбайнера ў калгас “Іскра”. Затым, атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне пасля вучобы ў Шаркаўшчынскай аўташколе, быў некаторы час шафёрам грузавога аўтамабіля ў сваёй роднай гаспадарцы.
— Калі адслужыў у войску, пайшоў працаваць вадзіцелем упраўлення капітальнага будаўніцтва Шаркаўшчынскага раёна, — кажа Мікалай Міхайлавіч. — У хуткім часе сустрэў сваю спадарожніцу жыцця — жонку Надзею. Каб атрымаць дзяржаўнае жыллё, я працаўладкаваўся ў ПМК меліярацыі, дзе з’яўляўся работнікам дрэнажнай брыгады, а потым, пасля вучобы ў Друйскім СПТВ, займаў пасаду памочніка многакаўшовага экскаватара. У 1986 годзе кіраўніцтва АТП-16 прапанавала мне працу вадзіцеля грузавога аўтамабіля. Шчыра кажучы, я адразу згадзіўся, бо з маленства любіў тэхніку. Усяго ж у аўтобусным парку я адпрацаваў да 2005 года. І вось ужо на працягу 15 год з’яўляюся вадзіцелем легкавога аўтамабіля райветстанцыі. Усю сваю працоўную частку жыцця правёў за рулем аўтамашын. Наогул, я і цяпер не ўяўляю для сябе іншую прафесію. Так склалася жыццё і я пра гэта не шкадую. Калі вяртаюся з чарговай камандзіроўкі, дома заўсёды чакае надзейны тыл — любімая жонка. Нарадзіла мне сына і дачку, маем унука, унучку. Гэта вялікая радасць, калі нашы родныя прыязджаюць да нас, калі разам мы збіраемся за вялікім святочным сталом.
У час правядзення раённай урачыстасці, прымеркаванай да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, якая прайшла 13 лістапада, кіраўнік раёна Дзмітрый Ламака ўзнагародзіў Мікалая Савелава Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай галіне, узорнае выкананне службовых абавязкаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.