Адзін з хлебных дзён на палетках ААТ «Васюкі»

Сельское хозяйство

сыплецца насенне ў кузаў

У 7 гадзін раніцы камбайнеры ўжо ў полі каля сваіх камбайнаў. Трэба, пакуль раса ляжыць на хлебнай ніве, агледзець тэхніку, нешта падправіць, заправіць, каб увесь светлавы дзень працаваць без праблем. Надвор’е садзейнічае ўборцы, і гэта радуе хлебаробаў. У гэтым пераканаліся, калі трапілі у ААТ “Васюкі”. “Ні хвіліны прастою і ніякіх страт!”— дэвіз кожнага.
Пад’ехалі на поле ва ўрочышча Школа, куды павінны былі прыехаць камбайны пасля абмалоту траў. Тут жа ў чаканні іх выстраіліся тры аўтамашыны, задзейнічаныя пад загрузку і адвозку зерня. Знаёмімся. Двое з іх Ігар Бельскі і Андрэй Падрэзаў — шэфы з Наваполацкага завода жалезабетонных вырабаў, Сяргей Маляўка з ПМК-68 . У кожнага з іх вялікі стаж работы, не першы год дапамагаюць вяскоўцам убіраць ураджай.
Каб з’эканоміць час і не чакаць перагону камбайнаў на хлебнае поле, накіроўваемся да вёскі Грыблы, дзе камбайнеры ўбралі раннія злакавыя травы. Насенне выгрузілі з камбайнаў у аўтамашыны МАЗ- 555 142 Паўлу Лалыку, САЗ -3507 Віктару Шатыбалку і ў прычэп трактара МТЗ- 1221

смачныя абеды прывозіць у поле Галіна Ермаловіч

Аляксандру Мядзюху. Прывезлі абеды. Тут жа па чарзе на свежым паветры ўзяліся абедаць прысутныя і сталі нахвальваць стравы, якія даставіла ў поле са сталовай сельгаспрадпрыемства Галіна Ермаловіч. Мясцовы бібліятэкар Наталля Гігола прынесла апошні нумар раённай газеты і героі хлебнай нівы ўважліва ўчытваліся ў кожны артыкул, імкнучыся сустрэць свае прозвішчы.

у вольную хвіліну можна прагартаць “раёнку”

Было некалькі свабодных хвілін, каб перагаварыць з працаўнікамі намесніку дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Алегу Перхуровічу, а галоўны эканаміст Алена Пучкова расказала аб пераможцах спаборніцтва. Даведаліся, што сярод камбайнераў першынство заваяваў Аляксандр Змітровіч, які на энергаэфектыўным камбайне намалаціў спачатку ўборкі 358 тон азімай пшаніцы з 90-гектарнай плошчы, а Павел Лалыка перавёз больш за ўсіх збожжа — 365 тон. Пераможцы атрымалі канверты з грашыма, а на іх уборачнай тэхніцы сталі развівацца чырвоныя сцяжкі.

моладзь на ўборцы — Андрэй Лабуць і Аляксандр Мядзюха

Пастаянна ў полі сочыць за работай камбайнераў галоўны аграном гаспадаркі Валянціна Пельшына. Наведала тутэйшых хлебаробаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людміла Стома.
Побач са сталымі камбайнерамі працуе моладзь. У Леаніда Лабуця памочнікам яго цёзка па прозвішчу Андрэй Лабуць. Дарэчы, Андрэй закончыў БДАТУ і працуе ў гаспадарцы інжынерам па забеспячэнню, а ў час уборачнай кампаніі сеў за штурвал камбайна.
На 6 жніўня ў ААТ “Васюкі” было ўбрана 44,7 працэнта да плана азімых збожжавых. Ураджайнасць склала 37,6 цэнтнера з гектара. Гэта трэці паказчык у раёне. Ураджайнасць з убраных плошчаў злакавых траў 1,5 цэнтнера з гектара.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *