Прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Мацвеевіч Сільчонак

Актуальное Общество

55 (Копировать)18 лютага наш раён наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Мацвеевіч Сільчонак. Парламентарый правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях у будынку раённага выканаўчага камітэта.

Да дэпутата звярнуўся жыхар гарадскога пасёлка Аляксандр Георгіевіч Асіпенка. Мужчына занепакоены шматлікімі пытаннямі, якія, з яго пункту погляду, патрабуюць абавязковага вырашэння. У прыватнасці, Аляксандр Георгіевіч папрасіў дэпутата звярнуць сваю ўвагу і аказаць дапамогу ў паляпшэнні стану дарожнага пакрыцця шматлікіх вуліц і завулкаў гарадскога пасёлка. Не лепшым чынам як для вадзіцеляў, так і для пешаходаў выглядаюць вуліцы Камсамольская, Вішнёвая, Гогаля, Заслонава і шэраг іншых. Намеснік старшыні райвыканкама Валерый Венідзіктавіч Казлоўскі і начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Валянцін Францавіч Бука растлумачылі, што плануецца правесці рамонт вуліцы Камсамольская і завулку Савецкі. Што тычыцца астатніх, то перыядычна яны грэйдзіруюцца, але з-за моцнай пераўвільготненасці глебы нельга у цяперашні час правесці іх цякучы рамонт.

У Шаркаўшчыне маецца абсталяваны неабходным інвентаром пляж, водную тэрыторыю якога кожную вясну абследуюць вадалазы. У летні перыяд тут таксама вядзе дзяжурства матрос-выратавальнік. Па меркаванні Аляксандра Георгіевіча большасць шаркаўчан адпачываюць і купаюцца не на гарадскім пляжы, а на абсталяваным ім жа месцы на беразе Дзісны. Маўляў, людзі ахвотней прыходзяць менавіта туды. Але тут няма аб’ектаў грамадскага карыстання. Прадстаўнікі райвыканкама адказалі, што гэтае месца не з’яўляецца афіцыйна зацверджаным для масавага прабывання людзей і ўяўляе пэўную небяспеку для адпачынку.

Падчас прыёму грамадзян узнімалася пытанне магчымасці ўзвядзення ў гарадскім пасёлку новай, адпавядаючай сучасным нормам і патрабаванням, аўтазаправачнай станцыі. Як падкрэсліў Павел Мацвеевіч, наяўнасць новай АЗС вельмі актуальна для жыхароў Шаркаўшчыны і раёна. Парламентарый паабяцаў разгледзець дадзенае пытанне на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Як вядома, у раённых цэнтрах Віцебшчыны адзін раз ў год праходзіць свята-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Адбылося гэта маштабнае мерапрыемства ў розныя гады ў Дуброўне, Талачыне, Гарадку, Расонах, Сянне. У 2018 годзе лепшых аграрыяў вобласці на свяце сустракаў Верхнядзвінск, а летась форум прайшоў у нашых суседзяў — на гасціннай Браслаўшчыне. Цалкам верагодна, а для гэтага ёсць усе перадумовы, што свята-кірмаш можа адбыцца ў будучым і ў Шаркаўшчыне. Менавіта на гэту тэму і ішла нядаўна гутарка паміж Паўлам Мацвеевічам Сільчонкам і старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Уладзіміравічам Цярэнцьевым.

Павел Мацвеевіч сказаў, што невырашальных пытанняў не існуе. Галоўнае, знайсці правільны падыход да чалавека, яго праблем, а затым, кіруючыся заканадаўствам, юрыдычнымі нарматыўна-прававымі актамі, аказаць яму дапамогу.

Сяргей РАЙЧОНАК.