14 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне адбыўся фэст. Разам з шаркаўчанамі адзначыць урачыстасць прыехалі святары з Верхнядзвінска, Варапаева, Новапагоста, Бардзяніч (Браслаўскага раёна), Мосара, Парыжа (Пастаўскага раёна).
У гэты ўрачысты дзень у касцёлах свенцяцца крыжы, крыжыкі, медалікі. Людзі прыносяць крыжыкі з дому, са сваіх алтарыкаў для пасвячэння.
Штогод 14 верасня ўвесь хрысціянскі свет ушаноўвае і адзначае ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа, на якім быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. Язычнікі ў лютай нянавісці да хрысціян стараліся знішчыць усё, што датычылася памяці аб Ісусе Хрысце. Месца ўкрыжавання, грот, дзе быў пахаваны і ўваскрос Ісус Хрыстос, яны засыпалі друзам і каменнем.
Святы Крыж — гэта гонар усіх хрысціян свету, гэта штандар усіх, хто вызнае Ісуса Хрыста. Кожны народ мае свае сімвалы, свой герб, свой сцяг. Гэтыя сімвалы ўшаноўваюцца і зберагаюцца. Без ушанавання свайго герба, свайго сцяга няма нацыі, няма народа.
Герб і сцяг хрысціян — гэта Крыж Ісуса Хрыста. Як герб і сцяг кожнага народа заўсёды на першым месцы, так і ў хрысціян, Святы Крыж першым нясуць у працэсіі, першым суправаджае нябожчыка на могілкі, ва ўсіх хрысціянскіх храмах на вежах мы бачым крыжы. Нашы бацькі, дзяды ставілі крыжы на скрыжаваннях дарог, упрыгожвалі іх кветкамі, вянкамі, каляровымі стужкамі.
Крыж дома вісіць на сцяне на самым паважным месцы, знакам крыжа жагнаемся перад малітваю, прыняццем ежы, перад працаю і пасля яе.
Крыжы стаяць на могілках — сведчанне таго, што пад імі спачывае хрысціянін.
Крыж узвышаецца над памерлым і бароніць ад злога духу. Крыж сведчыць, што і на гэтым кавалачку зямлі Хрыстос перамог Сваёй збаўчай моцай і ласкай. Вельмі маркотна бачыць магілу, на якой няма крыжа, нябожчык здаецца безабаронным, укінутым у цёмную яму.
Аб вялікай пашане да Святога Крыжа гаворыць і тое, што нашы продкі, праходзячы каля Крыжа альбо каля храма ці могілак, заўсёды аддавалі пашану, жагналіся, здымаючы галаўны ўбор.
Чалавек, які пачынае дзень са знакам крыжа, не пойдзе красці, не будзе ашукваць і зневажаць бліжняга, будзе заўсёды добрасумленна выконваць свае абавязкі, бо сапраўдны веруючы не будзе ганьбіць свой штандар — Святы Крыж.
З таго часу, як быў знойдзены крыж, на якім цярпеў і памёр Ісус Хрыстос, было забаронена пакаранне крыжовай смерцю. I з той пары Святы Крыж вельмі ўшаноўваецца, бо на гэтым Крыжы Сын Божы здзейсніў справу бязмежнай любові і міласэрнасці да людзей. Ісус Хрыстос склаў са Свайго Боскага жыцця крывавую ахвяру за збаўленне роду людскога. Вось чаму ў гэты дзень свенцяцца крыжыкі.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА