Сярод мноства спецыяльнасцяў ёсць некалькі прафесій, якія былі і будуць заўсёды запатрабаваны ў дзелавым асяродку. Напрыклад, юрыст. Спецыялісты гэтага профілю патрабуюцца амаль у кожнай арганізацыі. Прафесія юрыста падразумявае работу з людзьмі, а для гэтага патрэбна мець такія якасці, як камунікабельнасць, лагічнае мысленне, адказнасць і ўменне прымаць правільнае рашэнне.
У пачатку сёлетняга года была створана дзяржаўная ўстанова “Шаркаўшчынскі раённы цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый”. Пасаду юрысконсульта тут займае Дзяніс Аўласевіч. Ён у гэтай сферы чалавек не выпадковы. У свой час Дзяніс Міхайлавіч закончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, атрымаў кваліфікацыю настаўніка гісторыі, сацыяльна-палітычных дысцыплін і асноў права. А ў 2001 годзе атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, мае спецыяльнасць “правазнаўства”, кваліфікацыю “юрыст”.
— Я працаваў на пасадзе галоўнага юрыста, з’яўляўся начальнікам юрыдычнага аддзела ў органах і падраздзяленнях Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Магілёве, займаў пасаду суддзі раённага суда гэта ж абласнога цэнтра, — расказвае Дзяніс Міхайлавіч. — Праца мая мне падабаецца. Наогул, работа юрысконсульта — вельмі карпатлівая. Я кожны дзень сустракаюся з дзясяткамі людзей, апрацоўваю і правяраю мноства дакументаў, вывучаю значны аб’ём прававой інфармацыі. Юрыст павінен валодаць такімі якасцямі як настойлівасць, творчы падыход, уменне прымаць самастойна рашэнні і несці за іх адказнасць.
Па жыцці я карыстаюся крылатым выразам, які калісьці сказаў Канфуцый: “Выберыце сабе працу па душы, і вам не прыйдзецца працаваць ніводнаго дня ў сваім жыцці”. Я працую з задавальненнем, прыходжу на работу да пачатку працоўнага дня і застаюся на некаторы час пасля яго заканчэння. Акрамя гэтага яшчэ з’яўляюся і самазанятым у сферы агратурызму. Таму асноўная праца для мяне ў нейкім сэнсе як хобі прыносіць душэўнае задавальненне. У вольны час вельмі люблю чытаць класічныя творы, праглядаць кінастужкі, якія нясуць у сабе глыбокі жыццёвы сэнс. А яшчэ вялікую радасць у жыцці мне прыносяць мае дзеці. Дачка Алеся мае ўжо сваю ўласную сям’ю, сын Ратмір жыве разам са мной, яму дзевяць гадоў, вучыцца ў сярэдняй школе № 1, а яшчэ дадаткова наведвае заняткі ў дзіцячай школе мастацтваў. Менавіта дзеці і з’яўляюцца сэнсам майго жыцця.
Сяргей РАЙЧОНАК.
