Творчы вечар шаркаўшчынскага паэта Віктара Лагуна “Калі радок друкуе пачуццё…”

Культура Общество

IMG_6235 (Копировать)Вершы… Колькі іх напісана ад пачатку стварэння свету, а колькі іх будзе яшчэ!.. Паэзія быццам мора без берагоў — нічым яе не вычарпаць. Яе, як сонечны прамень, нічым не замяніць. Паэзія звініць, спявае і нават прарочыць. І ніякія грамадскія і прыродныя з’явы не стрымаюць яе.
Імя Віктара Лагуна добра вядома шаркаўчанам. Ніводная літаратурная старонка “Світанак” ў раённай газеце “Кліч Радзімы” не абыходзіцца без вершаў гэтага таленавітага чалавека. Кожны твор Віктара Ільіча зачароўвае тонкай паэзіяй, на якую б тэму ён ні пісаў.
У пачатку сакавіка Віктар Лагун сустрэў свой юбілейны дзень нараджэння. Гэтай падзеі быў прысвечаны творчы вечар, на які прыйшлі сябры, знаёмыя, калегі паэта.
Віктар Лагун нарадзіўся ў вёсцы Сталіца. Бацька Ілля Іванавіч удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. У мірны час працаваў электраманцёрам, будаваў у нашай мясцовасці першыя электралініі. А маці Глафіра Вячаславаўна больш за сорак год адпрацавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Сталіцкай базавай школе. Сям’я была вялікая і дружная — пяцёра братоў і сястра.
Калі Віктар Ільіч вучыўся ў школе, яму лёгка давалася матэматыка, а вось з мовамі былі некаторыя складанасці. Вышэйшую адукацыю ён набыў на энергетычным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родныя мясціны. Летам 1982 года працаўладкаваўся на пасаду галоўнага інжынера раёна электрычных сетак у Шаркаўшчыне. Тут ён нязменна працуе і сёння.
Віктар Лагун у літаратурную творчасць прыйшоў у 1994 годзе. З таго часу з-пад яго пяра выйшлі сотні вершаў рознай тэматыкі і накіраванасці. Свой першы верш, невялікую паэму “Ты даруй, Беразнянка…”, напісаў у той час. Пад псеўданімам Віктась Таліцкі перадаў яго ў рэдакцыю раённай газеты “Кліч Радзімы”. Крыху пазней пазнаёміўся з шаркаўшчынскімі паэтамі і пісьменнікамі Міледзіем Кукуцём, Кацярынай Сосна, Надзеяй Паляк. Неўзабаве стаў сябрам народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”.
Каб напісаныя творы не губляліся, пачаў іх сістэматызаваць у невялікія брашуры. Так з’явіліся на свет зборнікі “Маё шанаванне вам…”, “Дзень добры, мама!”, “Аднойчы”, “Ведай нашых”, “Смак балота”, “На Прыдзісненскай галіне” і іншыя. Гэтыя кнігі рознымі тыражамі — ад 50 да 500 асобнікаў — разыходзіліся па Беларусі, гарадах бліжняга і дальняга замежжа.
Родныя мясціны, родная зямля, прыгажосць прыроды натхняе паэта на напісанне ўсё новых і новых вершаў. Піша ён у сваіх творах пра блізкіх людзей, знаёмых. Гартаючы яго кнігі, калегі абавязкова знойдуць твор пра сябе.
Віктарам Лагуном напісана больш за 30 паэм. У 2002 годзе выйшаў калектыўны зборнік паэзіі “Шаркаўшчынскаму краю”, а яшчэ праз восем год — зборнік “На палатне жыцця”. Напрыканцы 2019 года ў выдавецтве “Кнігазбор” была надрукавана кніга пад назвай “Малой радзіме нашай”, у якую ўвайшлі творы ўдзельнікаў “Світанка”. Падрыхтаваў зборнік да друку і выступіў у якасці рэдактара Віктар Лагун.
Падчас творчага вечара “сябры па пяру” Віктара Ільіча, работнікі ўстаноў культуры выказвалі шмат цёплых слоў у адрас юбіляра, чыталі для яго свае вершы-прысвячэнні, уручалі падарункі і сувеніры.
Да слоў віншаванняў і шчырых пажаданняў у адрас Віктара Ільіча далучыўся начальнік Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак Уладзімір Фёдараў, яго калегі.
Не абышлі знакавую падзею ў жыцці Віктара Лагуна прадстаўнікі мясцовай улады. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Людміла Стома ўручыла юбіляру Ганаровую грамату вышэй названага аддзела, пажадала далейшых творчых поспехаў, шчасця ў асабістым жыцці.
На ўрачыстасці прысутнічаў таксама даўні сябар Віктара Ільіча — пісьменнік Віктар Праўдзін. Віктар Аляксандравіч выканаў прыемную і ганаровую місію — уручыў Віктару Лагуну пасведчанне члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.
— І днём, і ноччу нясе свае воды рака Дзісна. Яна штодня папаўняецца крынічнай энергіяй, кроплямі дажджу, веснавой паводкай. Так і творчасць Віктара Лагуна, які нястомны ў сваім творчым пошуку, яшчэ доўга будзе радаваць нас, — такімі словамі завяршыла творчы вечар вядучая, кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Ала Міхайлава.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_6188 (Копировать) IMG_6190 (Копировать) IMG_6199 (Копировать) IMG_6201 (Копировать) IMG_6203 (Копировать) IMG_6206 (Копировать) IMG_6210 (Копировать) IMG_6220 (Копировать)IMG_6238 (Копировать) IMG_6240 (Копировать) IMG_6242 (Копировать)