У ААТ “Буеўшчына” з сяўбой справіліся ў час

Сельское хозяйство

на апрацоўцы глебы задзейнічаны механізатар Павел Пяткевіч

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Буеўшчына” завершана сяўба яравых зерневых і зернебабовых культур. Усяго засеяна 1108 гектараў плошчаў.
— Нягледзячы на тое, што сёлетняя вясна не радавала аграрыяў цёплым надвор’ем, мы своечасова завяршылі сяўбу яравых зерневых у гаспадарцы, — кажа вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства Станіслаў Хашкоўскі. — Усе, і механізатары, і паляводы сумленна працавалі падчас пасяўной. Цяжка кагосьці вылучыць асобна, бо ўсе заслугоўваюць слоў удзячнасці. Напрыклад, механізатар Павел Пяткевіч працуе на новым трактары “Беларус” МТЗ-3522. У час пасяўной кампаніі ён быў задзейнічаны на культывацыі глебы. Па стане на 24 мая механізатар апрацаваў 315 гектараў пад сяўбу. Шмат год працуе трактарыстам Ігар Грайчонак. На трактары “Беларус” МТЗ-3522 у счэпе з пасяўным агрэгатам АПП-6А ён сёлета пасеяў 824 гектары яравых зерневых. На ўнясенні мінеральных удабрэнняў (калію) задзейнічаны механізатар Алег Падоба. На трактары “Беларус” МТЗ-82 у счэпе з РДУ-3 ён унёс удабрэнні на плошчы 2399 гектараў. Дапамогу ў правядзенні пасяўной кампаніі нам аказвала Глыбоцкая інтэграцыйная структура. Працавалі энерганасычаныя трактары “Кіравец” К-744. Адзін быў задзейнічаны на культывацыі глебы, а другі — у счэпе з сеялкай “Амазон” займаўся сяўбой.

Унясеннем калію займаецца трактарыст Алег Падоба

На дадзены момант у нашай гаспадарцы вядзецца сяўба кукурузы. Запланавана пасеяць “царыцу палёў” на плошчы 565 гектараў. Звыш запланаванага сёлета пасеялі яравога рапсу — усяго 186 гектараў, што складае 124 працэнты да задання. Акрамя таго займаемся падсевам шматгадовых траў, праводзім хімічную праполку азімых, яравых зерневых, рапсу, вывозім на палеткі арганічныя ўгнаенні. Пройдзе зусім нямнога часу і пачнецца касавіца. Тэхніка для корманарыхтоўкі амаль цалкам адрамантаваная.
Сяргей РАЙЧОНАК

Сейбіт Ігар Грайчонак