За якасцю малака на МТФ “Жукоўшчына” ААТ “Даватарскі” сочыць лабарант Святлана Райчонак

Сельское хозяйство

На малочнатаварнай ферме “Жукоўшчына” ААТ “Даватарскі” ўтрымліваецца звыш 300 галоў кароў. За якасцю надоенага малака сочаць не толькі загадчыца МТФ і самі даяркі, але і лабарант Святлана Райчонак.
Галоўным у сваёй рабоце Святлана Генадзьеўна лічыць добрыя ўзаемаадносіны з аператарамі машыннага даення. Жанчына пераканана, што якасць малака непасрэдна залежыць ад таго, наколькі правільна наладжаны працэс даення кароў. Лабарант упэўнена, што якасны малочны прадукт атрымаецца толькі з якаснага малака. Акрамя адпаведных санітарных норм, ёсць і іншыя патрабаванні. Напрыклад, у час лячэння жывёлы і некаторы перыяд пасля яго малако ад такой каровы не павінна змешвацца з астатнім. Гэта правіла і для тых рагуль, якія толькі прывялі цялят. Яны дояцца самыя апошнія, а малако выкарыстоўваецца на выпойванне маладняку.
У прафесіі Святлана Генадзьеўна 19 год. Работа ёй падабаецца, хоць працаваць з кожным годам становіцца ўсё складаней. Патрабаванні да якасці малочнай сыравіны з боку перапрацоўшчыкаў жорсткія. Асабліва адсочваецца наяўнасць антыбіётыкаў, летам пад пільным кантролем трэба трымаць кіслотнасць.
На ферме ў Жукоўшчыне для лабаранта выдзелена асобнае памяшканне, абсталяванае ўсім неабходным для работы. Гэта дае магчымасць рабіць сваю справу якасна.
Сяргей РАЙЧОНАК.