Праект «Маленькай радзімы куточак»: Жывуць тут людзі працавітыя, шчырыя, добразычлівыя

Общество

Паважаныя чытачы, мы працягваем разам з вамі падарожнічаць па населеных пунктах Шаркаўшчынскага раёна. Чарговым прыпынкам краязнаўчай вандроўкі стаў аграгарадок Буеўшчына, які размяшчаецца ў сямнаццаці кіламетрах на паўночны захад ад гарадскога пасёлка на аўтамабільнай шашы ў Браслаў.

Крыху гісторыі

Буеўшчына вядома з канца 19 — пачатку 20 стагоддзяў. Па ўспамінах старажылаў, першапачаткова яна размяшчалася на правым беразе ракі Густатка. Цяпер жа населены пункт займае яе левабярэжжа. Існуе меркаванне, што сваю назву атрымаў ад мужчынскай часткі насельніцтва, якая тут была занадта буйная, суровая і задзірлівая.

У аснове работы — увага да людзей

Такога жыццёвага прынцыпу заўсёды прытрымліваецца жыхар аграгарадка, былы старшыня Іёдскага сельсавета Віктар Катовіч, які нязменна працаваў на гэтай пасадзе больш за 30 год.

Віктар Віктаравіч — чалавек, пра якіх у народзе кажуць «ад зямлі». Працоўны шлях пачаў у якасці механізатара былога калгаса «Буравеснік». Па кар’ернай лесвіцы прайшоў прыступкі кіравання агранамічнымі службамі ў родным калгасе, у сельгаспрадпрыемстве «Шлях Леніна», працаваў намеснікам старшыні калгаса «Камінтэрн». Кіраўніцтва раёна ацаніла арганізатарскія здольнасці маладога спецыяліста. У 1986 годзе Віктар Катовіч быў прызначаны на пасаду старшыні сельсавета.

За сваю шматгадовую добрасумленную працу Віктар Віктаравіч неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама, Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама. Яго імя было занесена на Дошку гонару нашага раёна. А ў пачатку 2015 года старшыня Іёдскага сельсавета стаў лаўрэатам ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны».

Імкліва праляцеў час. Віктар Віктаравіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Разам з жонкай Нінай Алімпіеўнай трымаюць хатнюю гаспадарку, апрацоўваюць надзел зямлі. Свой вольны час Віктар Віктаравіч прысвячае любімаму занятку — рыбнай лоўлі.

Актыўная жыццёвая пазіцыя

Сярод сядзіб аграгарадка вельмі прывабна выглядае дом Рычарда Аляксандравіча і Ядзвігі Аляксандраўны Будзічаў. Хаця цяпер і зіма, на клумбах няма шыкоўных рознакаляровых кветак, падворак і сам дом, несумненна, з’яўляюцца ўпрыгожаннем населенага пункта.

 

Рычард Аляксандравіч па адукацыі педагог. Некаторы час выкладаў геаграфію ў школах раёна, а затым памяняў від дзейнасці — стаў намеснікам старшыні калгаса «Камінтэрн». Яго спадарожніца жыцця працавала ў бухгалтэрыі сельгаспрадпрыемства. Цяпер абодва на заслужаным адпачынку. Сямейная пара — людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Рычард Аляксандравіч з’яўляецца старэйшынай аграгарадка. Ён — сувязное звяно паміж вяскоўцамі і кіраўніцтвам гаспадаркі. Калі ўзнікаюць якія-небудзь пытанні жыццядзейнасці, старэйшына абавязкова ідзе насустрач сваім землякам і аказвае дапамогу ў іх вырашэнні. Актыўна кантактуе Рычард Аляксандравіч і з часова выконваючым абавязкі старшыні Іёдскага сельсавета Іванам Іосіфавічам Пачкоўскім. Яны вядуць дзелавыя перамовы не толькі па тэлефоне, але і пры асабістых сустрэчах.

Не здрадзіла родным мясцінам

Жыццё ў вёсцы, як і праца на зямлі, ніколі не было лёгкім. Але калі ў чалавека ёсць жаданне прыносіць карысць грамадству сваёй работай, то яго не спалохаюць ніякія цяжкасці.

— Ужо ў сёмым класе я цвёрда вырашыла, што стану ветэрынарным урачом, бо мяне вабіла гэта прафесія, якой займаўся мой тата, — кажа галоўны ветэрынарны ўрач ААТ «Буеўшчына» Ала Баговіч. — Закончыла школу, затым Віцебскі ветэрынарны інстытут і вярнулася ў родныя мясціны. Наша сельгаспрадпрыемства адно з буйнейшых у раёне. У ім налічваецца дзевяць жывёлагадоўчых ферм, на якіх утрымліваюцца амаль чатыры тысячы галоў БРЖ. Канечне, праца ветэрынарнага ўрача складаная і вельмі адказная. У нас няма вызначанага графіка. Здараюцца тэрміновыя выезды і ў выхадныя дні, і ноччу. Наогул, лічу, што ў свой час я правільна зрабіла, што не здрадзіла родным мясцінам, не прамяняла жыццё на малой радзіме на гарадское.

Тут жыць ўтульна

Маладая сям’я Віктара і Ілоны Баговічаў аддала перавагу вясковаму жыццю над гарадскім. Абодва яны з сельскай мясцовасці: Віктар з Буеўшчыны, а яго жонка — з суседняй Браслаўшчыны. Аднойчы пасябраваўшы, звязалі свае лёсы ў адзін. Сталі жыць на малой радзіме мужа. Гаспадар сям’і працуе ў Іёдскім лясніцтве, а Ілона — паштальён, разносіць карэспандэнцыю жыхарам не толькі аграгарадка, але і навакольных вёсак. У сям’і растуць трое дзетак: дачушка Даша, сыночкі Улад і Лёша.

— У вёсцы мы адчуваем сябе ўтульна і камфортна, — кажа Ілона Васільеўна. — Нам падабаецца тут жыць, быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Любоў да малой радзімы, да працы, павагу да людзей прывіваем і сваім дзецям — нашаму галоўнаму з мужам багаццю ў жыцці.

Сакавік — не за гарамі…

У Буеўшчыне пражывае 166 чалавек. Гэты населены пункт з 2010 года мае статус аграгарадка. Тут размяшчаюцца адміністрацыя сельгаспрадпрыемства з аднайменнай назвай, бібліятэка-клуб, магазін, шматлікія вытворчыя аб’екты гаспадаркі.

Вось так, павольнай хадой, ідзе жыццё ў Буеўшчыне. Дзень за днём перагортваюцца лісткі календара, мяняюцца месяцы, поры года. За акном люты — апошні месяц зімы. Неўзабаве вяскоўцы распачнуць вясенне-палявыя работы на палетках сельгаспрадпрыемства, на ўласных зямельных надзелах. Жыццё тут не спыняецца, бо ёсць у Буеўшчыне і маладыя сем’і, і дзеці — будучыня аграгарадка.

Дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялаў да праекта нам аказала загадчыца Буеўшчынскай бібліятэкі-клуба, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Наталля Віктараўна Кандрацьева. Вялікі ёй дзякуй за гэта! А мы ж накіроўваемся ў чарговую вандроўку. Да новых сустрэч!

Дарэчы, пры ўездзе ў аграгарадок на дарожнай шыльдзе напісана «Буяўшчына». Гэта невялікая памылка, бо замест літары «я» павінна быць «е». Але, як кажуць самі жыхары аграгарадка, яны не крыўдуюць на тых, хто памыліўся з назвай на шыльдзе. Маўляў, дробязі жыцця…

Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.