Трынаццаць сезонаў адпрацаваў на зернеўборачным камбайне «Палессе» КЗС-1218 механізатар ААТ «Агратэхсэрвіс» Анатолій Грыгаровіч. Сёлета сельгаспрадпрыемства атрымала новую тэхніку. Кіраўніцтва гаспадаркі даверыла яе менавіта Анатолію Нікадзімавічу — стараннаму і адказнаму работніку.
Як вядома, ААТ «Гомсельмаш» у 2023 годзе паставіць у Віцебскую вобласць 100 камбайнаў. Значная частка ад гэтай колькасці ўжо паступіла ў гаспадаркі і працуе на палях паўночнага рэгіёну Беларусі. Дзве адзінкі новых зернеўборачных камбайнаў «Палессе» GS12A1 PRO набылі ААТ «Агратэхсэрвіс» і КУВСП імя Маркава.
— Бясспрэчна, тэхніка проста выдатная, — кажа Анатолій Грыгаровіч. — Гэта ўдасканаленая мадэль гомельскіх машынабудаўнікоў распрацавана так, каб механізатар адчуваў сябе максімальна камфортна. На камбайне ўсталяваны рухавік Яраслаўскага маторнага завода магутнасцю 330 конскіх сіл. Дызайн кабіны палепшаны, яна стала больш аб’ёмнай, у ёй размяшчаюцца каляровы дысплэй бартавога камп’ютара, панэлі кіравання механізмамі, аўдыёмагнітола, кандыцыянер і іншыя патрэбныя прыстасаванні. Павялічаны і бункер для зерня, цяпер яго ўмяшчальнасць складае 9 тон. Падоўжаны выгрузны шнэк. Упэўнены, што першая ўборачная кампанія на новым камбайне пройдзе без прастояў і паломак. Галоўнае ў нашай рабоце — пільна сачыць за работай усіх механізмаў, тады і тэхніка будзе працаваць бездакорна.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота Алены АНАНІЧ.