У Шаркаўшчыне камунальнікі заняты ўборкай снегу

Общество

У Шаркаўшчыну, як і на ўсю тэрыторыю Беларусі, зіма сёлета прыйшла ў тэрмін. Напрыканцы лістапада нябесная канцылярыя шчодра пакрыла беласнежнай коўдрай лясы і палі, вёскі і гарады. Навокал ляжыць бялюткі снег, які радуе вока людзей, асабліва дзяцей.

А вось для камунальнай і дарожных служб снегапады і мяцеліцы сталі сапраўдным выпрабаваннем на гатоўнасць тэхнікі і на вытрымку працаўнікоў. Тым не менш, работнікі УКП ЖКГ, дарожных арганізацый гарадскога пасёлка як след падрыхтаваліся да капрызаў надвор’я і аператыўна адрэагавалі на выпаўшы снег. Днём і ў начны час сутак тэхніка працавала і працуе зараз на расчыстцы вуліц, тратуараў райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў, аўтамабільных дарог рэспубліканскага і мясцовага значэнняў. Насельніцтва, работнікі арганізацый і ўстаноў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў далучыліся да агульнай справы і выйшлі на расчыстку тратуараў, двароў ад снегу. Шаркаўчане разам супрацьстаяць стыхіі.

Як паведаміў дырэктар УКП ЖКГ Аляксей Клакоўскі, на расчыстцы вуліц, завулкаў і сквераў у гарадскім пасёлку задзейнічаны тры трактары «Беларус»-82 і адзін трактар «Беларус»-320. На вывазе снегу з райцэнтра пераядычна працуюць чатыры трактары «Беларус»-82, пагрузчык «Амкадор» і грузавы аўтамабіль МАЗ. На ўчастку УКП ЖКГ у аг. Лужкі на расчыстцы вуліц працуе трактар «Беларус»-82.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.