Сцяпан Іосіфавіч Пармон адзначыў 80-гадовы юбілей

Сельское хозяйство

97220 лістапада Сцяпан Іосіфавіч Пармон, былы кіраўнік калгаса “Шлях Леніна” (цяпер ААТ “Васюкі”), адзначыў сваё 80-годдзе. Дата адметная, але, нягледзячы на ўзрост, Сцяпан Іосіфавіч поўны сіл і энергіі. Ён заўсёды быў там, дзе працавалі калгаснікі, дзе патрэбна было яго кіраўніцкае слова. А яшчэ, Сцяпан Іосіфавіч, як і раней, так і па сённяшні дзень, у вольную хвіліну любіць пахадзіць па лесе ў пошуках дароў прыроды, палюбавацца прыгажосцю наваколля.
А працоўная біяграфія С. І. Пармона пісалася наступным чынам.
Пасля атрымання адпаведнай адукацыі малады спецыяліст быў накіраваны на пасаду галоўнага агранома ў цяперашні ААТ “Ельня-Агра”. Там адпрацаваў тэхнолагам палёў 11 гадоў. Гаспадарка стала вызначацца сваімі працоўнымі дасягненнямі ў раслінаводстве, у агранома праяўляліся кіраўніцкія здольнасці, і Сцяпану Іосіфавічу прапанавалі ўзначаліць адну з гаспадарак раёна.
— Прайшло столькі часу, але як цяпер памятаю той дзень, — расказвае ён. — Гэта было 13 лютага 1962 года, калі працаўнікі калгаса “Шлях Леніна” выбралі мяне сваім старшынёй. У той час калгас адносіўся да ліку адстаючых. Але я быў упэўнены ў сваіх сілах, меў ўжо вопыт працы на зямлі, каб прывесці справы ў парадак. Перавозіў сям’ю з Шаркаўшчыны, ехалі на дзвюх аўтамашынах ГАЗ-51 і “Масквіч-408”. Следам суправаджаў трактар ДТ-54 на выпадак, калі б дзе забуксавалі, бо дарогі былі разбітыя. Такім чынам дабіраліся з Шаркаўшчыны да Васюкоў шэсць гадзін. Цяпер гэту адлегласць за некалькі хвілін можна пераадолець па асфальтаванай дарозе.
У вёсцы Васюкі было 18 бязлюдных пабудоў. Людзі, у большасці сваёй, жылі на хутарах. У калгасе налічвалася 143 галавы буйной рагатай жывёлы, з іх 76 кароў, 50 авец, некалькі дзясяткаў свіней, трусы, гусі, куры і нават быў адзін індык. Жывёла ўтрымлівалася ў прыстасаваных памяшканнях. У амбары ляжала 49 тон зерня на момант сяўбы. У карыстанні гаспадаркі налічвалася 2150 гектараў ворыва, апрацоўвалі глебу чатыры трактары ДТ-54 і тры МТЗ-82.
Вялікую ролю ў развіцці вёскі адыграў у 1965 годзе перавод калгасаў на гарантаваную грашовую аплату працы. А яшчэ праз год адбылося прыняцце дзяржаўнай праграмы меліярацыі, хімізацыі і інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Сталі ў калгасе наводзіць парадак на зямлі, вапнавалі кіслыя глебы, уносілі пад сяўбу дастатковую колькасць арганікі і мінеральных тукаў, выкарыстоўвалі сродкі аховы раслін і дзякуючы захаванню ўсіх патрабаванняў тэхналогіі стала павялічвацца вытворчасць прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі. У калгаснай касе з’явіліся грошы. Разгарнулі маштабнае будаўніцтва сваімі сіламі: узвялі жывёлагадоўчыя памяшканні, пабудавалі мехдвор, зернесушыльную гаспадарку і складскія памяшканні.Каб заставалася моладзь у калгасе, каб ствараліся новыя сем’і, заняліся ўзвядзеннем пабудоў сацкультбыту. За невялікі прамежак часу пабудавалі школу, дзіцячы сад, магазін, сталовую. Каб хутаране пераязджалі ў вёску, узводзілі будынкі. Заасфальтавалі вуліцы і дарогі, якія вялі да цэнтра гаспадаркі, добраўпарадкавалі вёскі, асабліва цэнтральную Васюкі.
У 1975 годзе праз раку Дзісёнку пабудавалі мост. Хоць будавалі яго грамадскія арганізацыі, але С. І. Пармон быў кожны дзень на будоўлі, хацелася як мага хутчэй яго ўвесці ў строй. Тры гады на гэта пайшло і дало магчымасць аб’яднаць калгасы “Шлях Леніна” і імя Жданава ў адзін. Самы ўраджайны выдаўся 1976 год, калі атрымалі зерневых на круг па 40,3 цэнтнера. Радаваў лён, за яго рэалізацыю гаспадарка атрымлівала вялікі прыбытак.
— Хачу сказаць, — працягвае размову ветэран працы, — людзі тады працавалі з вялікім задавальненнем, з аддачай, радаваліся кожнаму поспеху, хоць большасць работ выконвалі ўручную.
За поспехі, якія дасягнула гаспадарка ў 1968 годзе, С. І. Пармона ўзнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, у 1969 годзе — Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, у 1971 годзе С. І. Пармон атрымаў ордэн “Знак Пашаны”, а ў 1976 — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1977 — чарговы ордэн “Знак Пашаны”. Тады і многія калгаснікі атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалі.
Сваю працоўную дзейнасць Сцяпан Іосіфавіч Пармон закончыў у 1998 годзе.
Бяжыць час, змяняюцца пакаленні, але не забываюць пра тых людзей, ветэранаў працы, якія аддалі лепшыя гады свайго жыцця сельскай гаспадарцы. І С. І. Пармона запрашаюць на святы, якія праводзяцца ў сельгаспрадпрыемстве “Васюкі” і ў раёне. Зусім нядаўна, у часе правядзення Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, ветэрана працы павіншаваў старшыня райвыканкама М. І. Баговіч і ўручыў Ганаровую грамату і каштоўны падарунак.
Кацярына СОСНА.
Фота Сяргея Райчонка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *