Тэма тыдня ад БЕЛТА: Дыялог бізнесу і дзяржавы

Тэма тыдня БелТА

577XVIII Асамблея дзелавых колаў «Ад узаемаразумення да ўзаемадзеяння» прайшла 1 сакавіка ў Мінску. Удзельнікам асамблеі быў прадстаўлены праект Нацыянальнай платформы бізнесу-2017. Канчатковы тэкст, падрыхтаваны з улікам прапаноў удзельнікаў мерапрыемства, будзе адпраўлены кіраўніку дзяржавы, кіраўніцтву Савета Міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта, службовым асобам усіх міністэрстваў і ведамстваў. На мерапрыемстве абмеркаваны прыярытэтныя напрамкі ўдасканалення дзелавога клімату Беларусі, паляпшэнне пазіцыі краіны ў міжнародных рэйтынгах, асноўныя выклікі для эканомікі і прадпрымальніцтва ў 2017 годзе, павышэнне эфектыўнасці дыялогу бізнесу і ўлады, дынаміка лічбавай трансфармацыі эканомікі і іншыя актуальныя пытанні.

Ні адна прапанова Нацыянальнай платформы бізнесу-2017 не застанецца без увагі дзяржорганаў — Зіноўскі

«Усе ідэі, выкладзеныя ў Нацыянальнай платформе бізнесу-2017, знойдуць свайго гаспадара ў асобе рэгулятара, галіновага дзяржаўнага органа — мы выбудоўваем матрыцу, у якой прапісаны і адказныя, і тэрміны. Прыкладзём усе намаганні, каб у гэтым годзе без увагі не засталася ніводная прапанова бізнесу, што змешчана ў платформе», — сказаў міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі.

Многія прапановы Нацыянальнай платформы бізнесу супалі з мерамі, якія запланавалі рэалізаваць урад і Нацыянальны банк.

«Гэта сведчыць аб тым, што мы — Мінэканомікі, органы-рэгулятары ва ўсіх значных для бізнесу пытаннях — з аднаго боку, і сам бізнес — з іншага, у цэлым глядзім у адным напрамку», — канстатаваў міністр.

Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў, што Нацыянальная платформа бізнесу-2017 — асаблівая, паколькі кожная прапанова была абмеркавана на грамадска-кансультатыўных саветах дзяржаўных органаў, адказных за рэалізацыю рэгулярнай палітыкі ў адпаведнай сферы дзейнасці.

Рабочая група па стымуляванні дзелавой актыўнасці сфармулюе прапановы да канца сакавіка

«Зусім нядаўна кіраўнік дзяржавы паставіў задачу па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур для бізнесу. Створана рабочая група, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Ідзе інтэнсіўная работа. Да канца сакавіка рабочая група павінна прадставіць на разгляд кіраўніка дзяржавы нарматыўны акт, дзе будзе адлюстравана, як, якім чынам і што мы будзем змяняць», — адзначыў Уладзімір Зіноўскі.

Міністр назваў тры асноўныя задачы, якія стаяць перад рабочай групай. Гэта скарачэнне адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес, прымяненне заканадаўства па дэкрыміналізацыі эканамічных рызык, адэкватнасць пакарання неправамерным дзеянням, якія робіць бізнес.

Любая праверка бізнесу павінна папярэджваць парушэнні — Зіноўскі

«Празмерныя праверкі, якія прыводзяць да дрэнных наступстваў, не даюць нармальна працаваць бізнесу, павінны быць выключаны. Любая праверка, на наш погляд, павінна папярэджваць парушэнні, а не біць, як гаворыцца ў народзе, па хвастах, калі ўжо адміністрацыйнае парушэнне ўчынена», — сказаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.

Ён вітаў адмену праверачнай дзейнасці бізнесу Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. «Вельмі добра, што адменены праверкі. Тым больш што адказнасць усё роўна нясе бізнес», — падкрэсліў міністр.

Паводле яго слоў, Міністэрства аховы здароўя таксама ідзе насустрач, ужо скарочаны патрабаванні да прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўвяло мараторый на праверкі гандлёвай інспекцыяй.

 Мінэканомікі робіць стаўку на развіццё сектара малых інавацыйных прадпрыемстваў

«Задача бягучага года і наступных гадоў — забеспячэнне прыросту эканомікі за кошт новых высокатэхналагічных і эфектыўных вытворчасцей. Аднак трэба прызнаць, што да гэтага часу не забяспечаны фарміраванне пятага і шостага тэхнаўкладаў. І гэтак далей прадаўжацца не можа. Мы робім стаўку на развіццё сектара малых інавацыйных прадпрыемстваў», — адзначыла намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч.

Паводле яе слоў, ёсць даручэнне ўрада па стварэнні прававых умоў для аблягчэння доступу прыватнага бізнесу да створаных за бюджэтныя сродкі навукова-тэхнічных распрацовак.

Яна расказала, што ў 1980-я гады ў ЗША было прынята рашэнне бязвыплатнай перадачы навукова-тэхнічнай прадукцыі ў прыватныя рукі пры ўмове яе камерцыялізацыі ўнутры краіны і недапушчэння перапродажу правоў на яе за мяжу.

Ірына Касцевіч таксама канстатавала неабходнасць глыбокай работы па ўсім сектары дзяржпрадпрыемстваў, пачынаючы ад строгіх бюджэтных абмежаванняў, падзелу функцый рэгулятара і ўласніка і заканчваючы пытаннямі кіравання бізнес-актывамі, адказнасцю прыняцця рашэнняў.

Гарантыйны фонд для МСП будзе створаны ў 2018 годзе

«Гарантыйны фонд для малога і сярэдняга бізнесу ў 2018 годзе будзе створаны. Сёння Мінэканомікі сур’ёзна працуе з бізнесам над распрацоўкай Стратэгіі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 года. Менавіта Нацыянальная платформа бізнесу-2017 — тое ядро, якое ляжа ў аснову стратэгіі», — адзначыла Ірына Касцевіч.

Таксама, паводле яе слоў, у наступным годзе будзе створаны інфармацыйны партал для прадпрымальнікаў. «Гэта будзе партал для вас, каб вы ў любы час сутак на працягу 24 гадзін маглі зайсці і атрымаць тую інфармацыю, якая вам неабходна для стварэння і вядзення бізнесу», — сказала намеснік міністра, звяртаючыся да прадпрымальнікаў.

Касцевіч аб прынцыпе ўводу новых адміністрацыйных працэдур для бізнесу: адну ўводзіш — дзве адмяняеш

«Падрыхтаваны праект указа па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур, у якім закладзены прынцып: адну ўводзіш — дзве адмяняеш. Гэта правіла, якое будзе ўстанаўлівацца для дзяржаўных органаў. Гэта не ноу-хау — гэта прынцып, які дзейнічае ў шэрагу краін і атрымаў станоўчую практыку», — сказала Ірына Касцевіч.

На 1 студзеня 2017 года ў Беларусі дзейнічаюць 787 адміністрацыйных працэдур. «Краіна праводзіла сур’ёзную работу па адміністрацыйных працэдурах: у 2012 годзе выйшла пастанова, колькасць працэдур была 575. За гэтыя гады мы прыраслі амаль на 200 працэдур. За 2016 — пачатак 2017 года адменена 41 адміністрацыйная працэдура, 17 спрошчана, — расказала Ірына Касцевіч. — Але за гэты час уведзена 37 новых адміністрацыйных працэдур у рамках рэалізацыі міжнародных дагавораў і прынятых заканадаўчых актаў. Пры гэтым увядзенне новых працэдур цяжка назваць неабгрунтаваным».

Ірына Касцевіч канстатавала, што ўнесена прапанова па скарачэнні 21 і спрашчэнні 13 працэдур. «Чакаем прапаноў, кніга прапаноў яшчэ не закрыта», — звярнулася намеснік міністра да бізнесу.

Новы закон аб банкруцтве будзе адпавядаць усім перадавым сусветным практыкам — Касцевіч

«На разгляд дэпутатаў унесены праект закона «Аб неплацежаздольнасці і банкруцтве». Ён накіраваны на стварэнне ўмоў для рэструктурызацыі і аздараўлення прадпрыемстваў альбо кіруемай ліквідацыі праблемных прадпрыемстваў, павышэння гарантый вяртання інвестыцый. Цяпер дакумент рыхтуецца да першага чытання, і мы спадзяёмся, што па выніках двух чытанняў краіна атрымае закон аб банкруцтве, які будзе адпавядаць усім перадавым сусветным практыкам», — падкрэсліла намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч.

Ірына Касцевіч адзначыла, што ў Беларусі выпрацаваны новыя інструменты і механізмы рэалізацыі эканамічнай палітыкі на пяцігодку.

«У першую чаргу размова ідзе аб павышэнні эфектыўнасці кіравання эканомікай — аптымізацыі колькасці і функцый дзяржаўнага апарату, стварэнні «кампактнага» ўрада, удасканаленні адносін уласнасці», — растлумачыла яна.

Другім напрамкам стане разняволенне дзелавой ініцыятывы, удасканаленне кантрольнай дзейнасці і стварэнне рэальных умоў па паляпшэнні вядзення бізнесу.

Трэці напрамак — зніжэнне ставак па крэдытах банкаў ва ўвязцы са зніжэннем інфляцыі ў эканоміцы да канца 2020 года да 5 працэнтаў. «Гэта акажа стымулюючы ўплыў не толькі на інвестыцыйную актыўнасць, але і на фінансавы стан арганізацый. Стаўка рэфінансавання да 2020 года складзе 7-9 працэнтаў гадавых, стаўка па новых крэдытах банкаў у нацыянальнай валюце складзе 9-11 працэнтаў гадавых», — расказала намеснік міністра.

Чацвёртым напрамкам Ірына Касцевіч назвала стварэнне паўнацэннага фінансавага рынку з новымі магчымасцямі для фінансавання — карпаратыўныя аблігацыі, праектнае крэдытаванне, размяшчэнне акцый на міжнародных фондавых біржах пры дапамозе замежных дэпазітарных распісак.

Ацэнка рэгулюючага ўздзеяння на бізнес запрацуе ў Беларусі з 2018 года

Прайшоў першае чытанне праект закона «Аб нарматыўна-прававых актах», якім прадугледжана ўкараненне ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння на бізнес. «У 2018 год мы ўступім з паўнацэннай нарматыўна-прававой базай па правядзенні ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння нарматыўна-прававых актаў», — падкрэсліла Ірына Касцевіч.

Намеснік міністра адзначыла, што ацэнка рэгулюючага ўздзеяння нарматыўна-прававых актаў на вядзенне бізнесу з’яўляецца адным з важных інструментаў далейшага ўдасканалення ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.

Ацэнку фактычнага ўздзеяння нарматыўна-прававых актаў плануецца ўвесці ў Беларусі

«Нам давядзецца ўвесці не толькі ацэнку рэгулюючага ўздзеяння, але і ацэнку фактычнага ўздзеяння нарматыўна-прававых актаў», — адзначыла Ірына Касцевіч.

Паводле яе слоў, у 2018 годзе пачне функцыянаваць адзіны рэестр адміністрацыйных працэдур, дзе будзе сабрана ўся інфармацыя аб адміністрацыйных працэдурах, з якімі даводзіцца сутыкацца бізнесу. Цяпер у электронным выглядзе можна прайсці каля 110 адміністрацыйных працэдур. Да 2020 года доля адміністрацыйных працэдур, ажыццявіць якія можна ў электронным выглядзе, павінна скласці не менш як 75 працэнтаў.

У Беларусі плануецца адмяніць тры ліцэнзуемыя віды дзейнасці

«Сур’ёзная функцыя рэгулятара выконваецца дзяржавай праз выдачу ліцэнзій. Па даручэнні ўрада дзяржаўныя органы ўнеслі прапановы па спрашчэнні ліцэнзуемых відаў дзейнасці. У Беларусі адмяняюцца тры ліцэнзуемыя віды дзейнасці ў галіне сувязі і восем спрашчаецца», — адзначыла Ірына Касцевіч.

Яна дадала, што гэтага недастаткова для ўдасканалення заканадаўства па спрашчэнні лiцэнзiйных патрабаванняў. «Рэзервы яшчэ ёсць», — лічыць Ірына Касцевіч.

Паводле слоў намесніка міністра, бізнес прапануе адмяніць ліцэнзаванне юрыдычных кансультацый, пасрэдніцкія паслугі ў здзелках з нерухомай маёмасцю, аказанне псіхалагічнай дапамогі і некаторыя іншыя. «Чакаецца сур’ёзны дыялог органаў дзяржкіравання з бізнесам па знаходжанні ўзгодненай пазіцыі па адмене альбо спрашчэнні шэрага лiцэнзiйных патрабаванняў», — сказала Ірына Касцевіч.

МАРГ выступае за спрашчэнне вядзення бізнесу ў малых гарадах

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч расказаў, што МАРГ падрыхтаваны праект указа, які датычыцца спрашчэння работы бізнесу ў малых гарадах у сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавых паслуг. «Там вылучаны пэўныя ўмовы, пры якіх ІП або юрыдычныя асобы трапляюць пад дзеянне ўказа. Мы абмеркавалі гэта з дзяржаўнымі органамі, не з усімі знайшлі разуменне. Прадаўжаем працэс абмеркавання», — адзначыў міністр.

На яго думку, развіваць канкурэнцыю шляхам спрашчэння вядзення бізнесу ў малых гарадах неабходна для таго, каб разняволіць ініцыятыву.

«Ёсць прэцэдэнт — аграэкатурызм. За дзесяць гадоў з 30 аграэкасядзіб мы маем больш за 2 тыс. Гэта той індыкатар, які сведчыць, што ў грамадстве ёсць зацікаўленасць, магчымасць утвараць прадпрыемствы, працаваць, вырашаць пытанне самазанятасці», — рэзюмаваў Уладзімір Калтовіч.

МАРГ прапануе выключыць прамое дзяржаўнае рэгуляванне ўсіх вытворцаў тавараў

«Мы прапануем выключыць прамое дзяржаўнае рэгуляванне ўсіх вытворцаў тавараў. Але ўзамен мы ўкарэнім метады антыманапольнага рэгулявання па ўстанаўленні фактаў нядобрасумленных паводзін прадпрыемстваў, якія займаюць дамінуючае становішча», — адзначыў Уладзімір Калтовіч.

Паводле слоў міністра, МАРГ прапрацоўвае пытанне міжабласных паставак і стварэння адзінай эканамічнай прасторы ў краіне. «Гэта пытанне мае шэраг складнікаў. Прычым рашэнне адной задачы часта прыводзіць да тупіка па вырашэнні іншых не менш важных тэм. Цяпер мы працуем над аналізам таварных рынкаў малака, мяса. Вядома, тут няма хуткіх адказаў. Але мы павінны рухацца да таго, каб фермер, СВК мог рэалізоўваць сыравіну туды, дзе гэта выгадна, а не туды, куды яго распісаў старшыня выканкама», — лічыць Уладзімір Калтовіч.

Праграма развіцця канкурэнцыі на пяць гадоў будзе распрацавана ў Беларусі ў 2017 годзе

«Галоўная задача гэтага года — стварэнне праграмы развіцця канкурэнцыі на пяць гадоў. На бягучым тыдні будзе ўнесена распараджэнне прэм’ер-міністра аб стварэнні рабочай групы, куды ўвойдуць прадстаўнікі бізнес-супольнасцей і дзяржорганаў па падрыхтоўцы гэтай праграмы», — сказаў Уладзімір Калтовіч.

Паводле яго слоў, сутнасць праграмы будзе заключацца ў тым, каб актыўнае садзейнічанне развіццю канкурэнцыі ў краіне стала прыярытэтным напрамкам дзейнасці ўрада, органаў улады і мясцовага самакіравання. «Гэты дакумент павінен замацаваць два асноўныя правілы дзейнасці ўлады і бізнесу. Першае — гэта забарона на ўвядзенне або захаванне абмежаванняў, якія ствараюць дыскрымінацыйныя ўмовы па ўсіх відах эканамічнай дзейнасці. Другое — забарона на неабгрунтаванае ўмяшанне ў свабоднае функцыянаванне таварных рынкаў, выданне нарматыўных актаў або рашэнняў, якія могуць прывесці да абмежавання або ўстаранення канкурэнцыі», — растлумачыў Уладзімір Калтовіч.

Стан спраў у рэальным сектары Беларусі і прагназуемыя тэндэнцыі ў сусветнай эканоміцы не пакідаюць іншага шляху акрамя як стварэнне канкурэнтных рынкаў ва ўсіх асноўных сегментах эканомікі.

«У сувязі з гэтым МАРГ як каардынатар працуе над удасканаленнем нарматыўнай базы. За шэсць месяцаў былі зменены больш за 700 нарматыўна-прававых актаў, акрамя таго ўнесены праект закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі. Ён цяпер знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў», — расказаў міністр.

Беларусь плануе поўнасцю адысці ад перакрыжаванага субсідзіравання на працягу 2-3 гадоў

«Адна з глабальных задач эканомікі — ліквідацыя перакрыжаванага субсідзіравання. Уласна, гэта цана эканомікі і здаровае, нармальнае функцыянаванне рэальнага сектара. Перспектыва яе дасягнення рэальная — ставіцца задача на працягу 2-3 гадоў адысці ад перакрыжаванага субсідзіравання», — адзначыў Уладзімір Калтовіч.

Перакрыжаванае субсідзіраванне — сітуацыя, пры якой у мэтах абароны грамадзян тарыфы на камунальныя паслугі для насельніцтва ўстанаўліваюцца ў зніжаным памеры. Фінансавая нагрузка па субсідзіраванні насельніцтва перакладаецца на прадпрыемствы, рэальны сектар эканомікі.

Мінфін прапануе меры па лібералізацыі бухгалтарскага ўліку

«Што датычыцца неабходнасці лібералізацыі бухгалтарскага ўліку, то такая работа вядзецца. Мы ўжо можам прапанаваць шэраг мер, сярод іх пашырэнне пераліку выпадкаў, пры якіх першасны ўліковы дакумент, які пацвярджае выкананне работ і аказанне паслуг, можа быць складзены падрадчыкам і заказчыкам асабіста», — растлумачыў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.

Сярод іншых мер, паводле слоў Дзмітрыя Кійко, прадастаўленне арганізацыям магчымасці пры ўнутраным перамяшчэнні таварна-матэрыяльных каштоўнасцей паміж месцамі захоўвання ў межах арганізацыі выкарыстоўваць самастойна распрацаваныя формы першасных уліковых дакументаў. Акрамя таго, прапануецца прадаставіць арганізацыям магчымасць прымянення факсіміле пры падпісанні першасных уліковых дакументаў, якія выкарыстоўваюцца для мэт бухгалтарскага ўліку пры падаткаабкладанні, а таксама ўстанавіць аднолькавы парадак бухгалтарскага і падатковага ўліку.

У 2017 годзе плануецца падрыхтаваць шэраг мер і па развіцці, лібералізацыі фондавага рынку і рынку страхавой дзейнасці.

«Пры гэтым пытанне стымулявання прадпрымальніцкай дзейнасці застаецца актуальным — Мінфін гатовы весці актыўны дыялог і ў гэтым напрамку», — канстатаваў ён.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *