Каля адміністрацыйнага будынка ўчастка Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння ўзлятаюць лебедзі

Актуальное

Эдвард Вялічка каля новай кампазіцыі
Эдвард Вялічка каля новай кампазіцыі

Паважаныя чытачы, напэўна, многія з вас бачылі, як грацыёзна ўзлятаюць лебедзі з паверхні вадаёмаў, рассякаючы шырокімі крыламі водную гладзь? Згадзіцеся, відовішча захапляе. Нешта падобнае можна назіраць каля адміністрацыйнага будынка ўчастка Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння ВУ “Браслаўгаз” у нашым гарадскім пасёлку. Але тут не жывыя птушкі, а зробленыя з металу.

Тэрыторыя прадпрыемства заўсёды вылучаецца сваім добраўпарадкаваннем. З ранняй вясны і да позняй восені тут буяюць кветкі, зелянеюць газоны, у штучным вадаёме плёскаецца рыба, паўсюдна размешчаны малыя архітэктурныя формы, якія штогод мяняюцца. Некалькі гадоў назад работнікі прадпрыемства былі змайстравалі фігуру вялікага агнядышнага дракона. Летась, у навагоднія святы, на тэрыторыі зіхацелі рознакаляровымі агнямі крэатыўныя ёлкі, зробленыя з газаправодных труб са светадыёднай падсвечваннем.

— Тройчы ў год спецыяльная камісія абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” робіць аб’езд раённых баз, каб выявіць, хто лепш займаецца добраўпарадкаваннем прылеглых тэрыторый, у каго яны найпрыгажэйшыя, — кажа нам начальнік участка Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння ВУ “Браслаўгаз” Эдвард Вялічка. — Сёлета наша прадпрыемства стала лепшым у вобласці па сваім эстэтычным афармленні. Камісіі спадабаліся клумба з металічнага каркаса і шчэбеню, веласіпедная падстаўка з тэлефонным нумарам аварыйнай дзяжурнай службы “104”. Але найбольш іх уразіла кампазіцыя “Лебедзі, якія ўзлятаюць з паверхні вады”. Працавалі мы над яе стварэннем разам з нашымі работнікамі. Задумка і складанне чарцяжоў былі мае. Асноўны нясучы каркас з металу зрабіў Андрэй Міларадаў. Над абшыўкай фігур птушак працаваў Сяргей Таўкінь. Потым Міхаіл Шышко дапамог нам скласці асобныя элементы ў адну канструкцыю. У выніку, як мы лічым, атрымалася выдатная кампазіцыя, у якой увасабляюцца веліч, грацыя і хараство адной з найпрыгажэйшых птушак нашай краіны. Хутка кампазіцыя зойме сваё месца ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Дружба” УП “Віцебскаблгаз” Шумілінскага раёна. А мы з калектывам зноў будзем увасабляць у жыццё свае новыя задумкі, каб рукатворнае хараство вабіла вока шаркаўчан і гасцей нашага гарадскога пасёлка.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *