
Сёлета ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Жвіранка” з самага пачатку ўборкі зерневых культур былі задзейнічаны восем адзінак збожжаўборачнай тэхнікі. Дзякуючы рабоце інжынернай службы, заўсёды ў наяўнасці былі і ёсць у гаспадарцы гаручазмазачныя матэрыялы, запасныя часткі, з-за чаго тэхніка не прастойвае. Аграномы сельгаспрадпрыемства, не губляючы ніводнага пагоднага дня, пільна сочаць за працэсам даспявання збажыны на розных участках палёў, пераводзячы на іх тэхніку. І адным з галоўных фактараў паспяховага правядзення жніва з’яўляюцца сумленныя адносіны камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных комплексаў і іншых работнікаў да якаснага і хуткага завяршэння ўборачнай кампаніі.
Па стане на 23 жніўня зерневыя культуры ў гаспадарцы абмалочаны на плошчы 1769 гектараў, што складае 92,7 працэнта да задання пры сярэдняй ўраджайнасці 20,7 цэнтнераў на круг. Намалочана ў бункернай вазе 3667 тон збожжа.
У пачатку тыдня, 20 жніўня, мы ў чарговы раз наведалі сельгаспрадпрыемства. Тры адзінкі камбайнаў КЗС-1218, якімі кіравалі Пётр Бездзель, Яўгеній Пятрашка і Казімір Баркоўскі, заканчвалі абмалот 40-гектарнага поля канюшыны ва ўрочышчы Рабізоўка, каля вёскі Астаноўка.
— Усяго тут мы сабралі звыш дзесяці тон насення канюшыны, — кажа галоўны аграном Анатолій Заляціла. — А гэта нядрэнны намалот. Цяпер будзем з уласным насеннем. Сёння ж перакідваем камбайны на абмалот зернебабовых культур. З імі, канечне, больш клопату, бо даспяваюць яны на ўсіх палях нераўнамерна. Прычынай таму вясна са сваімі зменлівымі ўмовамі надвор’я.
Паралельна з уборкай зерневых і зернебабовых культур вядзём падрыхтоўку глебы і сяўбу азімых — рапсу, сурэпіцы, азімай пшаніцы. Трэба як мага хутчэй укласціся ў адпаведныя агранамічныя тэрміны.
Непадалёк ад убранага поля на ўзбочыне стаяў энерганасычаны трактар К-744, які рыхтаваў глебу пад сяўбу азімай пшаніцы. Працуе на новым трактары механізатар Міхаіл Мітчанкаў.
— “Кіравец” я атрымаў сёлетняй вясной, — кажа мужчына. — Трактар не падводзіць, а вось культыватар выходзіць са строю кожны дзень. Віной таму і землі з камянямі, і тое, што атрымалі мы яго з Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры ў вельмі дрэнным стане. З-за рамонтных работ прыходзіцца, на жаль, прастойваць, губляецца час.

Дапамагае механізатару яго сын Андрэй. Хлопец вучыцца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Праз год ён атрымае вышэйшую адукацыю і кваліфікацыю інжынера-механіка. А пакуль кожнае лета разам з бацькам працуе падчас вытворчай практыкі ў родным сельгаспрадпрыемстве.
Тым часам у гаспадарку завітала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская. Нагодай для візіту стала ўзнагароджванне вадзіцеля аўтамабіля МАЗ-555 Венядзікта Бортніка з перамогай у працоўным прафсаюзным спаборніцтве. Ён першым у раёне пераадолеў планку ў адну тысячу тон па адвозе зерня ад камбайнаў. Таццяна Мікалаеўна ўручыла перадавіку грашовую прэмію, адпаведны вымпел, майку і кепку з лагатыпам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а таксама пажадала не страчваць працоўныя пазіцыі, імкнуцца да новых вяршынь і перамог.

Сяргей РАЙЧОНАК.